Схапілася за палена
У вёсцы Шэпелі Мінскага раёна 42-гадовая жанчына вырашыла правучыць мужа, — разнарабочага на мясцовым прадпрыемстве, за тое, што той вярнуўся дадому пасля атрымання заробку ў п'яным стане.
Паводле інфармацыі Мінскага РУУС, быўшы сама нападпітку, гаспадыня схапілася спачатку за палена, а потым за качаргу, якімі нанесла мужу, паводле яе прызнання, не менш за дзесяць удараў па галаве. Калі мужчына страціў прытомнасць, гаспадыня вырашыла "ацвярозіць" нягодніка і выцягнула цела на вуліцу. Адбылося гэта каля васьмі гадзін вечара. Раніцай жа, калі жонка ўспомніла пра другую палову, цела ўжо астыла. Жанчыне пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Паквапіўся на зарплату работніка дзіцячага садкаПакуль настаўніца музыкі і спеваў ў брэсцкім дзіцячым садку па вуліцы Камсамольскай займалася з дзецьмі ў музычнай зале, нягоднік скраў з сумачкі ў кабінеце 450 тысяч рублёў. Праз паўтара месяца супрацоўнікі Ленінскага РАУС знайшлі злодзея. Ім аказаўся 24-гадовы непрацуючы брастаўчанін. Заведзена крымінальная справа.
Яна СВЕТАВА.
Прысвоілі мяса дзікаРаботнікі Стаўбцоўскай міжрайінспекцыі разам з участковым інспектарам мясцовага РАУС абследавалі дом у вёсцы Зуберава, які належаў пенсіянеру.
Пры гэтым былі знойдзены: незарэгістраваная паляўнічая стрэльба, 15 петляў, 8 паляўнічых патронаў, мяса і фарш з мяса дзіка. Было ўстаноўлена, што сын гаспадара, непрацуючы грамадзянін, знайшоў ў лясным масіве на тэрыторыі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса забітага дзіка. Пасля чаго разам з братам, таксама непрацуючым, разабраў тушу і прысвоіў мяса для асабістага спажывання. Вядзецца разбор.
Сяргей РАСОЛЬКА.