З віламі на бабра
У паляўнічых угоддзях Івацэвіцкага лясгаса непрацуючы грамадзянін у забаронены для палявання час і забароненым спосабам — гаспадарчымі віламі — незаконна здабыў бабра.
Гэты факт устанавілі работнікі Бярозаўскай міжрайінспекцыі, а мясцовыя праваахоўнікі зараз вырашаюць пытанне адносна распачынання крымінальнай справы. Шкода ацэненая ў 2,5 мільёна рублёў (70 базавых велічынь).
А работнікі Стаўбцоўскай міжрайінспекцыі разам з супрацоўнікамі Валожынскай лесапаляўнічай гаспадаркі на меліярацыйным канале каля вёскі Букатава затрымалі электрыка БМУ "Саюзтэлефонбуд", які сумесна з непрацуючым грамадзянінам пры дапамозе дзвюх электралавільных установак незаконна здабыў 42 шчупакоў і 4 ментузоў. Шкода ацэнена ў больш чым 28 мільёнаў рублёў (810 базавых велічынь), вырашаецца пытанне крымінальнай адказнасці.
Непрацуючага грамадзяніна ў паляўнічых угоддзях Сенненскай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў дзяржінспектары разам з егерам названага карыстальніка заспелі за разборам — разам з напарнікам — тушы самкі дзіка. А ў той было 8 эмбрыёнаў, таму шкода склала амаль 19 мільёнаў рублёў (540 базавых велічынь). Матэрыялы па гэтым факце накіраваныя ў Сенненскую пракуратуру.
Сяргей РАСОЛЬКА.