Даверылі грошы на куплю аўто махляру
Прайдзісвет, трапіўшы ў даўгавую пастку, падмануў каля 20 чалавек, якія жадалі купіць машыну за мяжой
Гэтая крымінальная гісторыя пачалася з таго, што 27-гадовы мінчанін, не разлічыўшы сваіх сіл, трапіў у доўг да банка: паводле звестак прэс-афіцэра партызанскага РУУС Ганны Чыж-Літаш, мужчына ўзяў у крэдыт 2,5 тысячы долараў ЗША, а выплаціць грошы не мог. Зразумела, з банка крэдытаатрымальніку пачалі тэлефанаваць, патрабуючы вярнуць пазыку. Шукаючы выйсце з незайздроснага становішча, мужчыну трапіў у яшчэ большы пераплёт: ён адшукаў у інтэрнэце аб'яву пра тое, што прадстаўляюцца пазыкі на любыя сумы і без паручыцеляў... Сустрэўшыся з дабрадзеям, ён высветліў, што той сапраўды гатовы "спансіраваць", але з наступнай умовай: грошы даваліся пад 100 працэнтаў, гэта значыць, трэба было вяртаць у два разы больш, чым выдаткоўваў крэдытадаўца. Гэты па-сапраўднаму грабежніцкі працэнт не спыніў легкадумнага чалавека, які пазычыў на згаданых умовах 500 долараў і напісаў распіску пра вяртанне 1000 долараў на працягу двух тыдняў. Няцяжка здагадацца, што калі прыйшоў час плаціць па новаму доўгу, пазычальнік зноў сеў у лужу — такіх грошай у яго не было. Тады "дабрадзей" прапанаваў свайму кліенту "зарабіць" на аферы з аўтамабілямі: маўляў, размесціш аб'яву ў інтэрнэце пра дастаўку машыны з-за мяжы, а калі атрымаеш аванс, знікай. Прапанова прыйшлася да душы, і малады чалавек паставіў "бізнэс" на канвеер: браў у людзей авансы на куплю аўто. Падманваў людзей ён на розныя сумы: хтосьці плаціў махляру перадаплату ў памеры 300 долараў, іншыя не шкадавалі даверыць незнаёмцу і да 2000 долараў. Такім чынам ён змог па ўсёй краіне абхітрыць каля 20 чалавек, пакуль не пагарэў. У дачыненні прайдзісвета заведзеная крымінальная справа.
Ігар ГРЫШЫН.