Справа "пахне" ртуццю
Жыхар Смалявічаў асуджаны за збыт амаль 300 грамаў ртуці
44-гадовы мужчына, знаходзячыся нападпітку, скраў у свайго знаёмага колбу з металічнай ртуццю, пасля чаго збыў яе іншаму знаёмаму.
— Следства ўстанавіла, што гаспадар дома, у якога быў здзейснены крадзеж, прынёс ртуць каля 30 гадоў таму з працы і пасля пра яе забыўся, — распавяла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна КАЛІНІНА. — У лістападзе мінулага года ён разам з асуджаным, які гасцяваў у яго, знайшоў у падвале дома колбу з ртуццю, якую госць не прамінуў скрасці.
Мужчына асуджаны па частцы 1 артыкула 333 Крымінальнага кодэкса (за незаконны абарот моцнадзейных ці ядавітых рэчываў) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Надзея ДРЫЛА.