Асабліва небяспечнага злачынцу затрымалі ў Бабруйску

Источник материала:  
19.03.2011 — ЧП

Грамадзянін Арменіі, які абвінавачваецца праваахоўнымі органамі сваёй краіны ва ўчыненні двайнога забойства, затрыманы ў нашай краіне.

Паводле звестак упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, звесткі пра тое, што гэты мужчына падазраецца ва ўчыненні жорсткага злачынства, паступілі беларускім праваахоўнікам у лютым па каналах інтэрпала. Як мяркуецца, яшчэ ў кастрычніку 1996 года зламыснік расправіўся з адной са сваіх ахвяр у яе доме гаечным ключом. Там жа ён разам з саўдзельнікам аналагічным чынам забілі 89-гадовую старую. На цяжкае злачынства нелюдзі пайшлі, каб завалодаць грашыма, якія жанчыны напярэдадні атрымалі ад сваякоў для куплі кватэры.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Бабруйска ўстанавілі, што падазроны нелегальна знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны і працуе на розных будоўлях без заключэння працоўных дагавораў. Злачынцу арыштавалі, вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі.

Ігар ГРЫШЫН.

"Забаўляліся" дзеці з вінтоўкай...

У Салігорскую бальніцу з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай з пашкоджаннем галаўнога мозга шпіталізаваны вучань чацвёртага класа: хлопчыка параніў іншы школьнік.

Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама, а палове шостай вечара ў міліцыю ад грамадзян паступілі звесткі, што на вуліцы Васкрасенскай здарылася бяда: з пнеўматычнай вінтоўкі траўміраваны школьнік. Як высветлілася, пацярпелага, вучня чацвёртага класа, траўміраваў іншы хлопчык, таксама вучань чацвёртага класа. Па гэтым факце цяпер праводзіцца праверка.

Ігар ГРЫШЫН.

Распрацаваў тэорыю... бяспройгрышнай гульні

Як расказаў "Звяздзе" памочнік пракурора Першамайскага раёна Віцебска Сяргей Будрэвіч, гэтая гісторыя пачалася яшчэ некалькі гадоў таму, калі ў абвінавачанага ўзнік інтарэс да картачных гульняў. Пасля гэтага ў яго з'явілася і адпаведная залежнасць — так званая "гульняманія".

Сяргей Пятроў (імя і прозвішча зменены) пачаў дэталёва вывучаць тэорыю верагоднасці, віды картачных гульняў. І гэтым спрабаваў зарабіць. Не атрымлівалася. За некалькі гадоў у выніку прыйшлося прадаць некалькі кватэр. Але ж да гульняў цягнула ўсё больш.

У выніку Сяргей распрацаваў сваю аўтарскую тэорыю бяспройгрышнай гульні. Каб "падтрымаць" яе (напэўна, праверыць у дзейнасці), спатрэбіліся ажно каля дваццаці тысяч долараў. Не маючы і тысячы "зялёных", вырашыў "тэарэтык" звярнуцца па дапамогу да старых знаёмых, з якімі раней працаваў.

Праўда расказваў ім не пра сваю тэорыю, а што хоча развіваць бізнэс па продажы канцылярскіх тавараў. У выніку атрымаў ад трох знаёмых больш за 56 мільёнаў рублёў.

Ад тэорыі Сяргей перайшоў да практыкі: гуляў, рабіў стаўкі ў чаканні буйнога выйгрышу. Амаль што ўсе пазычаныя грошы прайграў. Падманутыя знаёмыя, якім грошы не вярнуў, звярнуліся па дапамогу ў міліцыю.

За свае дзеянні "тэарэтык" асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Без эйфории

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика