Наехаў на веласіпедыста, урэзаўся ў "хуткую" — атрымлівай два гады на роздум
Як паведаміла "Звяздзе" Наталля Яроменка, пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах і аналізе судовай практыкі пракуратуры Віцебскай вобласці, парушальнік — cтудэнт мінскай ВНУ — асуджаны.
Было гэта вечарам ў Докшыцкім раёне. Спачатку ён наехаў на сваім "Рэно" на веласіпедыста, які рухаўся ў паралельным кірунку. Дапамогі пацярпеламу не аказаў і паехаў далей. Цяжка параненага чалавека, які ляжаў на дарозе, выпадкова ўбачылі супрацоўнікі ДАІ, якія патрулявалі тэрыторыю раёна. Выклікалі "хуткую", арганізавалі пагоню. Калі машыну ДАІ ўбачыў вінаваты ў здарэнні, ён паспрабаваў знікнуць з поля зроку людзей у форме.
Невядома, якім чынам студэнт на сваёй машыне апынуўся ў тым жа месцы, дзе раней збіў чалавека. У гэты момант медыкі грузілі пацярпелага на насілкі. Калі ўбачылі аўто на вялікай хуткасці, якое накіроўвалася да іх, разам з пацыентам цудам выратаваліся ад наезду.
Студэнта ўсё-такі затрымалі. Прыгаворам суда ў ліку іншага ён быў абавязаны кампенсаваць маральную шкоду веласіпедысту — больш за 10 мільёнаў рублёў, а таксама кампенсаваць выдаткі па расследаванні крымінальнай справы... Суд абмежаваў яго волю тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.