Браканьер ва ўпор стрэліў у фатографа
Мікадай Верабей. Фота Вольгі Лукшыц. |
Трагедыя здарылася недалёка ад в.Выганашчы (Івацэвіцкі раён) на тэрыторыі аднайменнага заказніка рэспубліканскага значэння. Трое супрацоўнікаў рабілі абход тэрыторыі, калі пачулі стрэл. Спачатку яны пабачылі аўто без нумароў, а пасля незнаёмага чалавека. На патрабаванне паказаць дакументы незнаёмец ва ўпор стрэліў у Мікалая Вераб’я, прастрэліўшы яму калені абедзьвюх ног. З цяжкімі раненнямі фатографа адвезлі ў Івацэвічы. У панядзелак яго мусяць перавезці ў Мінск у НДІ траўматалогіі.
Дарэчы, на патруляванне тэрыторыі заказнікі яго супрацоўнікі выходзяць без зброі. Іх зброя – фотаапараты, з дапамогай якіх яны фіксуюць факты парушэнняў выкарыстання аб’ектаў заказніка – незаконныя вырубкі, адстрэл жывлёлы.
Падазраваны ў здзяйсненні злачынства затрыманы праваахоўнымі органамі. Гэта егер лясной паляўнічай гаспадаркі. Па словах начальніка папярэдняга расследавання Івацэвіцкага РАУС В.Н. Лішко, па дадзеным факце ў дачыненні да егера распачатая крымінальная справа па арт. 145 КК «наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў».
Мікалай Варабей сёлета скончыў біялагічны факультэт БДУ, кафедру экалогіі і методыкі выкладання біялогіі. Ад жніўня прыступіў да працы ў якасці вядучага спецыяліста заказніку рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае». Ён з’яляецца сябрам рэспубліканскага таварыства «Аховы птушак Бацькаўшчыны».
Паводле Wildlife.by