Рэчыцкія "металісты"
22 рашоткі зніклі з калодзежаў ліўневай каналізацыі. Невядомы зняў іх ноччу непасрэдна з аўтадарог па вуліцах Леніна і Масальскага ў Рэчыцы. Кошт скрадзенага — каля 2 мільёнаў рублёў. Напярэдадні ў тым жа горадзе на могілках было знята паўтара метра металічных ланцугоў-агароджы. Злачынства здзейсніў раней судзімы беспрацоўны мясцовы жыхар.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Два небяспечныя сховішчы
У Чачэрскім раёне ў лесе ля вёскі Глубочыца супрацоўнікамі Гомельскага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй сумесна з групай размініравання в/ч 5525 Гомеля знойдзены боепрыпасы часоў Вялікай Айчыннай: 46 гранат і 53 запалы. Аналагічная знаходка ў той жа дзень ля вёскі Акцябр — 6 мінамётных мін і артылерыйскі снарад. Усе небяспечныя знаходкі знішчаны.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Жыццё пражыўшы...
У кватэры дома па вуліцы Янкі Купалы ў Брэсце знойдзены труп 57-гадовай жанчыны з яўнымі прыкметамі ўдушша. Калі аператыўнікі сталі разбірацца, то высветлілі, што задушыў жонку рукамі ўласны муж... 66-гадовы пенсіянер затрыманы.
Яна СВЕТАВА.