Апавяшчальнікі спрацавалі, але дзеці загінулі
Тры маленькія дзяўчынкі, Даша, Наташа і Аліна (старэйшай — пяць, а малодшай два гады) загінулі ў сваім доме ў вёсцы Камаровічы, калі засталіся там адны.
Як расказаў намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Віталь Пілер, сям'я была на ўліку ў сельсавеце. Аднак апошнім часам у цагляным доме, выдзеленым мясцовай гаспадаркай, стала больш утульна: былі паклеены новыя шпалеры, 27-гадовая гаспадыня ўладкавалася на працу даяркай у КСУП "Камаровічы" Петрыкаўскага раёна, хоць яшчэ была ў водпуску па доглядзе дзіцяці. У нядзелю бацькі шматдзетнай сям'і знаходзіліся ў суседзяў: яны аказвалі дапамогу пры пахаванні. Трагедыя адбылася прыкладна ў 19 гадзін. У прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС гавораць, што пакуль высвятляецца, ад чаго адбылося ўзгаранне. Разглядаецца ў тым ліку версія дзіцячага свавольства з агнём. У пакоях спрацавалі два з трох апавяшчальнікаў — у тым ліку там, дзе былі дзеці. Пажар патушылі суседзі яшчэ да прыбыцця падраздзяленняў МНС. Яны ж вынеслі з дома целы трох дзяўчынак без прыкмет жыцця. У сям'і засталося яшчэ двое старэйшых дзяцей (9 і 7 гадоў). Яны на момант трагедыі знаходзіліся з бабуляй.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.