Што дзе дрэнна ляжыць?
Бензінавы генератар KІРОR KGЕ 6500Е выкраў невядомы зламыснік з вышкі сотавай сувязі аднаго з аператараў мабільнай сувязі. Грамадзянін, каб трапіць на тэрыторыю агароджанай пляцоўкі ля вёскі Савічы ў Брагінскім раёне, змог перапілаваць металічны ланцуг. Іншы зламыснік у Цэнтральным раёне Гомеля выцягнуў з ахоўнай будоўлі 56 секцый радыятараў і іншае абсталяванне для кватэр на агульную суму амаль у 2 млн рублёў. У абласным цэнтры з будоўлі прыватнага дома, які быў незачынены, зніклі матэрыялы і інструменты, сярод якіх 50 секцый радыятараў ацяплення, 64 метры металапластыкавай трубы, "балгарка", цеплавая гармата, газавы балон, кафлярэз, перфаратар, 2 бухты кабелю па 100 метраў і многае іншае. Дарэчы, кабель у злодзеяў карыстаецца асаблівай папулярнасцю. 228 метраў — гэта больш чым на 7 мільёнаў рублёў — выкралі з тэрыторыі Гомельскага гарадскога цэнтра культуры, дзе зараз ідзе рэканструкцыя.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Засталіся без грошай і будматэрыялаўЖыхар Камянца прапанаваў грамадзянам паставіць будаўнічыя матэрыялы. Людзі пад будучыя матэрыялы грошы давалі, але нічога ўзамен не атрымлівалі. Калі справай заняліся следчыя, то высветлілася, што "пастаўшчык" ашукаў 25 чалавек і паклаў у сваю кішэню амаль 225 млн рублёў. Ашуканца затрымалі.
Сымон Свістуновіч.
Праз сцяну за насеннемНехта з тэрыторыі механізаванага двара калектыўнай фермерскай гаспадаркі "Дубрава" Віцебскага раёна скраў 90 кілаграмаў насення травы баркун. Увечары пашкодзілі сцяну і трапілі ў складское памяшканне. Цікава, што двор ахоўваецца. Міліцыянеры ўстанавілі, што фермерскае насенне "экспрапрыявалі" два мясцовыя беспрацоўныя жыхары. Насенне ў іх канфіскавалі і завялі крымінальную справу.
Багаты ўраджай... гранат і снарадаўУ вёсцы Заронава Віцебскага раёна раніцай гаспадары на сваім прысядзібным участку выкапалі багаты "ўраджай" снарадаў і гранат. Калі прыехалі сапёры, дасталі з грунту пад 120 артылерыйскіх снарадаў, 11 гранат і мінамётную міну. Знаходку часоў Вялікай Айчыннай вайны знішчылі.
А ў лесе ля вёскі Паляі ў тым жа раёне грыбнікі таксама знайшлі "рэха вайны". Сапёры за іх "сабралі" лясны "ўраджай": 16 артылерыйскіх снарадаў калібру 45 міліметраў, снарад калібру 122 міліметры і гранату.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.