На Магілёўшчыне пачалі менш красці, рабаваць і забіваць
Пра гэта паведаміў пракурор вобласці Эдуард Сянькевіч 19 кастрычніка ў Магілёве на абласным
У прыватнасці, паводле слоў Сянькевіча, за гэты перыяд учынена менш забойстваў і цяжкіх злачынстваў.
Як зазначыў намеснік пракурора вобласці Сяргей Сільвановіч, у пачатку года на Магілёўшчыне адзначаўся рост злачыннасці, «але намаганнямі ўсіх зацікаўленых органаў гэтую тэндэнцыю ўдалося пераадолець». «На 11,7% адзначаецца зніжэнне асабліва цяжкіх злачынстваў, на 9,4% — цяжкіх злачынстваў», — паведаміў Сільвановіч.
Намеснік пракурора вобласці ўдакладніў, што колькасць забойстваў знізілася на 8,8%, згвалтаванняў — на 27%, рабаванняў — на 14%, крадзяжоў — на 0,6%.Зніжэння колькасці крадзяжоў, паводле яго слоў, удалося дабіцца «ўпершыню за працяглы час».
Аднак, як зазначыў Сільвановіч, на фоне агульнага зніжэння злачыннасці па вобласці ў 11 раёнах зарэгістраваны яе рост, у тым ліку ў Хоцімскім, Клімавіцкім, Краснапольскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Круглянскім, Касцюковіцкім, Крычаўскім і інш.
Адначасова, як указаў работнік пракуратуры, у вобласці адзначаецца рост такіх небяспечных злачынстваў, як наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў — на 6,5%, разбояў — на 18,4%, хуліганстваў — на 10,5%.
Паводле звестак пракуратуры, у Магілёўскай вобласці ўзровень злачыннасці на 10 тысяч чалавек за дзевяць месяцаў гэтага года склаў 107,3 супраць 106,9 за дзевяць месяцаў мінулага года (сярэднерэспубліканскі паказчык — 110,6).
Паводле слоў Сільвановіча, у шэрагу раёнаў вобласці ўзровень злачыннасці перавышае сярэднеабласны паказчык. «Найбольш высокі ўзровень злачыннасці ў Бабруйскім, Асіповіцкім, Клічаўскім, Магілёўскім, Быхаўскім раёнах і горадзе Бабруйску», — сказаў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці.
БелаПАН