Ноччу 16 кастрычніка
27-гадовы беспрацоўны жыхар Баранавічаў, спрабуючы скончыць жыццё самагубствам, лёг на рэйкі паміж другім і трэцім вагонамі цягніка Масква — Вільня падчас стаянкі на станцыі
Орша-Цэнтральная. Смерць маладога чалавека ўдалося прадухіліць дзякуючы таму, што яго выявіў аглядчык вагонаў,
паведаміў прэс-сакратар упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі Аляксандр Марчанка.
Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі мужчына быў дастаўлены ў псіхіятрычнае аддзяленне бальніцы з дыягназам «галюцыноз незразумелага генезу, рэзаныя раны шыі, левага перадплечча».
Аляксандр Марчанка таксама паведаміў, што ў мінулыя выхадныя на аб’ектах чыгуначнага транспарту загінулі і атрымалі траўмы некалькі чалавек. Так, 17 кастрычніка ў Барысаве грузавым цягніком Орша — Мінск смяротна траўмаваны 35-гадовы барысаўчанін без пэўнага месца жыхарства і роду заняткаў.
У раёне станцыі Полацк 17 кастрычніка быў знойдзены чалавек з траўмай галавы. 43-гадовы мясцовы жыхар, які нідзе не працуе, дастаўлены ў бальніцу з дыягназам «адкрытая чэрапна-мазгавая траўма і траўматычны шок». Акалічнасці здарэння і цягнік устанаўліваюцца.
16 кастрычніка паблізу вёскі Кледнявічы Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці дызель-цягніком Крычаў — Орша быў смяротна траўмаваны 32-гадовы жыхар Горак.
Вечарам 16 кастрычніка 34-гадовы жыхар Белаазёрска Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці быў смяротна траўмаваны грузавым цягніком Мінск — Орша на прыпыначным пункце «Трактарны завод» у Мінску.