Пракуратурай Магілёўскай вобласці завершана расследаванне і накіравана ў абласны суд крымінальная справа ў дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Цімашэнкі, які ў
лютым-сакавіку гэтага года ў сваёй кватэры ўчыніў забойства дзвюх жанчын.
Знявечаныя астанкі жыхарак Магілёва Карасёвай і Быкавай былі знойдзены ў раёне вуліцы Фаціна 23 і 31 сакавіка.
Як паведаміла старшы памочнік пракурора вобласці Ала Кузняцова, органамі папярэдняга расследавання дзеянні 39-гадовага магіляўчаніна кваліфікаваны на падставе ч. 1 арт. 139 і п. 16 ч. 2 арт. 139 КК (забойства і забойства асобай, якая раней учыніла забойства). Гэты артыкул Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротную кару.
Як раней паведамлялася, пры допытах і праверцы паказанняў абвінавачаны поўнасцю прызнаў сваю віну і даў падрабязныя сведчанні пра абставіны ўчынення ім злачынстваў. Падчас следства ў поўным аб’ёме праведзены ўсе неабходныя следчыя дзеянні, судова-медыцынскія, крыміналістычныя, генетычныя экспертызы, вынікі якіх адназначна сведчаць пра яго віну.
Праведзенай комплекснай стацыянарнай
псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай устаноўлена, што абвінавачаны ў стане свядомасці, аднак з прычыны індывідуальных рысаў характару, на фоне алкагалізацыі схільны да імпульсіўных праяў жорсткасці і гвалту.