Ад бяспраўных пакутуюць дзеці...
27-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Янавічы на аўтамабілі ВАЗ-2103 паблізу вёскі Глазомічы Віцебскага раёна з'ехаў у кювет і перакуліўся. У выніку ДТЗ 14-гадовы хлопчык, які знаходзіўся на заднім пасажырскім сядзенні, загінуў. Кіроўца, які, як паведамілі ў Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі, не меў пасведчання і рухаўся на чужым аўтамабілі, з месца здарэння ўцёк (!), але ў хуткім часе быў затрыманы.
У той жа дзень у Маладзечне 44-гадовы мужчына, пазбаўлены правоў за паўторнае кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення, на "Фальксвагене-Пасат" наехаў на 10-гадовага веласіпедыста, які перасякаў праезную частку. Школьнік з траўмамі дастаўлены ў бальніцу.
Надзея ДРЫЛА.
Здабыў дзіка, перавёз, разабраўПра незаконную здабычу дзіка ў лясным масіве каля вёскі Чарнічнае Капыльскага раёна работнікам Нясвіжскай міжрайінспекцыі паведаміў паляўніцтвазнаўца Капыльскай раённай структуры "Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў".
Падчас агляду месца здарэння каля жывёлагадоўчага комплексу ААТ "Старыца — Агра" былі знойдзены рэшткі жывёлы, у аўтамабілі "УАЗ" кроў і поўсць, а ў раздзелачным цэху — і сама разабраная туша дзіка. У цэху былі затрыманыя кіраўнік аддзялення, дзяжурны спецыяліст комплексу, інжынер па працаёмкіх працэсах — усе работнікі ААТ "Старыца — Агра". Затрыманыя патлумачылі, што інжынер на кукурузным полі каля комплексу здабыў дзіка, пасля чаго самавольна ўзяў "УАЗ", які належаў ААТ, і перавёз тушу ў цэх, дзе самастойна разабраў яе. У работніка канфіскаваная паляўнічая стрэльба. Шкода ацэнена ў 2,1 мільёна рублёў.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Мінчаніна абрабавалі студэнткіЖыхар Мінска, які спыніўся ў віцебскім гатэлі "Віцебск", што ў самым цэнтры горада, паскардзіўся ў міліцыю, што зніклі 200 долараў і 100 тысяч беларускіх рублёў. Высветлілася, што раніцай (па словах пацярпелага, яшчэ і васьмі гадзін не было) з незачыненага нумара гатэля грошы скралі дзве студэнткі (1990 і 1989 года нараджэння). Як яны ў такую рань апынуліся ў гатэлі, ці былі знаёмыя з 45-гадовым уладаром купюр — высветліцца. Заведзена крымінальная справа.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Неасцярожна курыліУ вёсцы Замшэна Лёзненскага раёна ў выніку пажару жылога дома загінулі 60-гадовы гаспадар і ягоная 52-гадовая сяброўка. Мяркуецца, што прычына пажару — неасцярожнасць пры курэнні гаспадара ў нецвярозым стане.
У Браславе па гэтай жа прычыне ў сваёй кватэры загінуў таксама 60-гадовы пенсіянер.
У Віцебску з-за неасцярогі пры курэнні гарэлі кватэры на вуліцы Гагарына і Маскоўскім праспекце. Калі пажарныя прыехалі на першую з іх, выратавалі гаспадара і ягонага сябра. Мужчын шпіталізавалі ў аддзяленне таксікалогіі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. А ў выніку пажару на Маскоўскім праспекце атручванні прадуктамі гарэння атрымалі гаспадыня кватэры і яе 33-гадовы сын. Мяркуецца, што ён неасцярожна курыў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.