Махлярствы з арэндай машын

Источник материала:  
08.06.2010 — ЧП

Дарагія аўтамабілі, якія бяруцца напракат, часам знікаюць...

Прычым, паводле звестак прэс-афіцэра Кастрычніцкага РУУС Сяргея Чабатарова, часта высвятляецца, што да крадзяжу "жалезных каней" маюць дачыненне менавіта арандатары, якія такім чынам хочуць палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Напрыклад, толькі ў Кастрычніцкім раёне сталіцы не так даўно было аб'яўлена ў вышук некалькі дарагіх аўто, якія людзі бралі напракат.

Так, БМВ, кошт якога складае 47 мільёнаў рублёў, хітрун арандаваў і выгнаў у Варонежскую вобласць Расіі. Машыну праваахоўнікі адшукалі пасля таго, як затрымалі прайдзісвета, які вярнуўся ў Беларусь, каб зноў "правярнуць" падобнае махлярства. Нахабніку цяпер пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Яшчэ два дарагія аўтамабілі — "Таёта" за 87 мільёнаў рублёў і "Мерседэс" за 164 мільёны — зніклі пасля таго, як іх узялі ў арэнду двое грамадзян Абхазіі: праз некаторы час пасля гэтага машыны выкралі з розных стаянак. Апошні аўтамабіль адшукаўся ў Саратаўскай вобласці, а "Таёта" пакуль недзе "хаваецца". Між іншым, супрацоўнікі міліцыі цяпер правяраюць, ці маюць дачыненне да злачынства абхазцы, якія маюць від на жыхарства ў нашай краіне.

Акрамя таго, заведзена крымінальная справа на двух сяброў, якія бралі машыны на пракат, а потым іх перапрадавалі па танным кошце. Спачатку прайдзісветы змаглі "зарабіць" на арандаваным аўтамабілі "Аўдзі": выставіўшы пакупніку цану ў "смешныя" 2500 долараў ЗША, яны прыдумалі гісторыю пра склад, які згарэў, і злосных крэдытораў, якія пагражаюць расправай, калі тэрмінова не будуць вернутыя грошы. Таму, маўляў, і такі танны кошт машыны. Да таго ж навярзлі сем корабаў калі дайшла справа да афармлення дакументаў на машыну: паабяцалі гэта зрабіць пасля таго, як бацька, на якога зарэгістравана аўто, вернецца з Германіі. А самі прадоўжылі тэрмін арэнды і пачалі траціць грошы. Схема аферыстам прыйшлася па душы, і ўжо праз дзесяць дзён яны ўзялі на пракат амаль новую "Аўдзі-А4", якую "спіхнулі" ў тры разы танней рэальнага кошту — за 11,5 тысячы долараў. "Легенду" выдалі падобную на вышэйзгаданую, толькі "пракалоліся", пакінуўшы ў бардачку дакументы на арэнду. Пакупнік, які іх знайшоў, зразумеў, што да чаго, і пасля нядоўгіх "перамоў" з махлярамі, якія паспелі патраціць частку выручаных за машыну грошай, патэлефанаваў у кампанію па пракаце аўтамабіляў, а тыя — ў міліцыю...

Ігар ГРЫШЫН.

←Плантация конопли площадью 1 га уничтожена в Пинском районе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика