Фанаты ехалі біцца мэтанакіравана
“У цэнтры горада маладзечанцы выйшлі з машын і адразу распрануліся, каб адрознівацца ад нашых фанатаў, – расказвае Сяргей Тышкевіч. – У большасці з іх у роце былі баксёрскія капы, кулакі былі перабінтаваныя. Большасць з хлопцаў у арміі не служылі, але пастраенню іх калоны, у якой было каля 60 чалавек, маглі б пазайздросціць рэгулярныя вайсковыя часці”.
Па словах начальніка Слуцкага райаддзела ўнутраных спраў, ён, палкоўнік міліцыі ў форме, двойчы прапаноўваў фанатам з Маладзечна арганізавана прайсці на стадыён, дзе для іх былі падрыхтаваныя месцы на трыбунах.
Сяргей Тышкевіч гарантаваў бяспеку і суправаджэнне да аўтамабіляў пасля гульні. Абедзве прапановы засталіся без увагі. Маладзечанцы ніяк не адрэагавалі на іх і працягвалі рухацца ў бок сваіх апанентаў.
Калі стала відавочна, што адбудзецца масавая бойка, Тышкевіч выклікаў нарады міліцыі, якія ланцугом сталі паміж групамі фанатаў. Слуцкіх было больш, кала 100 чалавек, адзначыў ён.
Міліцыянеры не дапусцілі вялікай бойкі. Спробы паразбіваць адзін аднаму насы і лбы доўжыліся не больш за дзве хвіліны. Некаторыя з фанаў былі затрыманыя, але толькі для таго, каб лакалізаваць беспарадкі і не дапусціць новых канфліктаў.
Ніводны чалавек не звярнуўся ў міліцыю з заявай ці скаргай. Не складаліся адміністрацыйныя пратаколы, не ўзбуджаліся крымінальныя справы.
“Добра тое, што добра заканчваецца, – кажа Сяргей Тышкевіч, – дрэнна іншае: вашы хлопцы, звязаўшыся з нашымі па Інтэрнэце, мэтанакіравана ехалі з імі біцца і не думалі ні пра які футбол, ды з такой экіпіроўкай на спартыўныя спаборніцтвы не ходзяць”.
У федэрацыі футбола Беларусі паведамілі нашаму выданню, што ніякіх санкцый да футбольных клубаў “Маладзечна” і “Слуцкцукар” прымяняцца не будзе. Дысцыплінарны камітэт федэрацыі разглядае інцыдэнты паміж фанатамі па рапарце інспектара матча. Але толькі ў тым выпадку, калі яны здараюцца ў межах стадыёна. У гэтым выпадку на гульню фанаты так і не трапілі, а значыць, ніякага рапарта інспектара не будзе. Разборкі фанаў па-за стадыёнам – справа міліцыі.
Але, калі нешта падобнае здарыцца на стадыёне, адказваць за дзеянні сваіх фанатаў будзе футбольны клуб. Гэта значыць, клуб аштрафавуюць. Якім чынам ФК “Маладзечна” будзе разлічвацца з федэрацыяй футбола, калі яго фанаты ўчыняць бойку на трыбунах, – пытанне рытарычнае…
Сяргей ЗЯНЬКО.
Бойка маладзечанскіх фанатаў у Слуцку
Фота "Інфа-кур'ер".