Прадпрымальны аўтааматар
Каб атрымаць грошы па страхоўцы, мінчанін інсцэніраваў крадзеж люстэркаў
"Выкрутасы" 37-гадовага мужчыны са страхоўкай (а яго машына была застрахаваная па сістэме КАСКА) раскрылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС. Паводле звестак прэс-афіцэра Фрунзенскага РУУС Алы Галубовіч, у ліпені мінулага года гэты мінчанін звярнуўся ў міліцыю з заявай аб крадзяжы з яго аўто лінзаў люстэркаў задняга віду. Па гэтым факце была заведзеная крымінальная справа, аднак, як выявілася цяпер, насамрэч ніхто тады не замахваўся на маёмасць уяўнага пацярпелага — ён сам зняў люстэркавыя элементы.
А пазней, у лістападзе, невядомы злодзей з гэтай машыны сапраўды выкраў лінзы задняга віду. "Прадпрымальны" ж гаспадар машыны да прыезду праваахоўнікаў скруціў і карпусы люстэркаў.
Такім чынам, яму ўдалося за два страхавыя выпадкі атрымаць тры мільёны рублёў.
У адносінах да махляра заведзеныя крымінальныя справы.
Ігар ГРЫШЫН.