У Брэсце кіроўцу маршруткі стала кепска і ён урэзаўся ў сцяну шматпавярховіка
У ДТЗ атрымалі траўмы трое пасажыраў, паведаміла БелаПАН інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе абласной ДАІ Наталля Касьянік.
Аварыя адбылася 30 красавіка каля 12.00 на праспекце Машэрава. Кіроўца маршрутнага таксі №10, які ехаў ад вуліцы Маскоўскай у бок вуліцы Леніна, недалёка ад прыпынку грамадскага транспарту «МОПР»
з’ехаў з дарогі, двойчы перасек тратуар і бакавыя з’езды з дарогі, пасля чаго машына ўдарылася ў сцяну шматпавярховага жылога дома.Па дарозе маршрутнае таксі сутыкнулася з двума прыпаркаванымі легкавымі аўтамабілямі, у якіх не было людзей.
У самой маршрутцы знаходзіліся 12 пасажыраў. Трое з іх атрымалі нязначныя траўмы, удары, і пасля аказання медыцынскай дапамогі адпушчаныя дамоў, паведаміла Касьянік.
42‑гадовы кіроўца маршруткі шпіталізаваны з дыягназам «Сутаргавы сіндром».У момант аварыі людзей на пешаходных тратуарах не было. Па гэтым факце праводзіцца праверка.
З пачатку года гэта другое ДТЗ у Брэсце з удзелам маршрутных таксі з пацярпелымі.
Ларыса Шыганава, БелаПАН