Палілі траву — а згарэлі дом, хлеў і аўтамабіль
У мінулыя выхадныя дні ў магілёўскай вобласці адбыліся пажары, прычынай якіх стала паленне сухой травы.
12 красавіка ўдзень у вёсцы Ходасы Мсціслаўскага раёна на прыватным падворку ў выніку пажару знішчаны хлеў і аўтамабіль ВАЗ-2103. Пажар пачаўся з суседскага ўчастка, дзе 84-гадовы пенсіянер выпальваў сухую расліннасць.
Па гэтай жа прычыне, здаецца, адбыўся пажар у той жа дзень у вёсцы Беразетня Мсціслаўскага раёна, калі агонь знішчыў дачны дом і хлеў. Вінаватыя асобы ўстанаўліваюцца.
Увогуле за выхадныя дні падраздзяленні МНС Магілёўскай вобласці амаль 150 разоў выязджалі на тушэнне травы і смецця. Таму ў прэс-службе абласнога ўпраўлення МНС нагадваюць, што, у адпаведнасці з новым Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях, стала больш жорсткай адказнасць за парушэнне правілаў бяспекі ў лясах і на тарфяніках, выпальванне сухой расліннасці, распальванне вогнішчаў у забароненых месцах. Штрафы за такія парушэнні можна атрымаць вельмі значныя: аж да 1,75 млн рублёў.
Ілона Іванова