У Сожы патануў браканьер
Двое мужчын рыбачылі ў Навабеліцкім раёне Гомеля на гумавай лодцы, хаця рыбная лоўля і спуск на ваду лодак зараз забаронены з‑за нерасту.
Каля дзвюх гадзін ночы выявілася, што лодка праколатая. Адзін з браканьераў, які не ўмеў плаваць, каб не патануць, павіс на дрэве, а яго таварыш адправіўся па дапамогу да жыхароў найбліжэйшых вуліц.
Прыкладна праз тры гадзіны рыбак вярнуўся, але сябра на дрэве ўжо не было.Глыбіня ў гэтым месцы складае каля двух метраў.
Толькі наступным днём выжыўшы рыбак звярнуўся ў таварыства па выратаванні на водах. Ратавальнікі агледзелі дрэва, на якім вісеў яго таварыш, і знайшлі засцежку ад рыбацкага касцюма. Вадалазы абследавалі ўчастак і 7 красавіка знайшлі недалёка ад дрэва штаны патанулага рыбака. Пошукі цела працягваюцца.
Днём 4 красавіка на рацэ Дняпро ў Рагачоўскім раёне рыбак перакуліўся на лодцы. Яго цела таксама пакуль не знайшлі, пошукавыя работы моцна ўскладняе паводка.
Аўтар: Алена Германовіч, БелаПАН