І дарагі тэлефон — у райвыканкам
У Віцебску асуджаны махляр, які падбухторваў даваць хабар работнікам райвыканкама, супрацоўнікам ДАІ.
Спачатку, калі ён працаваў у будаўнічай фірме, якая ўзводзіла дамы сядзібнага тыпу ў Талачынскім раёне, пачаў намякаць заснавальніку фірмы, што трэба перадаць хабар аднаму з кіраўнікоў райвыканкама — мабільны тэлефон. А за гэта замест "дзякуй" можна будзе атрымаць выгадныя заказы на выкананне іншых будаўнічых работ на тэрыторыі раёна. Угаварыў. І атрымаў для перадачы вельмі дарагі тэлефонны апарат — коштам у два мільёны рублёў.
Потым дзелавы халасцяк упэўніў таго ж заснавальніка ў тым, што трэба яшчэ даць 300 долараў, каб аплаціць паслугі віцебскага прадпрыемства за перадачу і ўсталяванне ў яго офісе камп'ютара для патрэбаў прадпрыемства.
Потым, як кажуць, болей. Зноў пачаў прасіць свайго кіраўніка, на гэты раз ужо, каб даў долары для перадачы адказным асобам адной з будаўнічых арганізацый Віцебска за пазачарговае атрыманне будаўнічых матэрыялаў па прывабных цэнах.
Потым прадпрымальны чалавек паабяцаў сваім знаёмым дапамагчы ў вяртанні правоў кіроўцы. Маўляў, вас пазбавілі правоў, а ў мяне ў ДАІ ёсць надзейныя людзі. Узяў для "перадачы" 250 долараў і 1,5 мільёна рублёў.
Займаўся наш "герой" і іншымі махлярскімі дзеяннямі. Напэўна, спадзяваўся, што скардзіцца на яго не будуць. І памыліўся.
Як паведаміў "Звяздзе" намеснік пракурора Першамайскага раёна горада Віцебска Леў Кім, махляр асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Акрамя гэтага, абавязаны кампенсаваць пацярпелым страты, таксама вярнуць на карысць дзяржавы незаконна атрыманы даход — на суму больш за 5,8 мільёна рублёў.
Пытанне, якое застаецца адкрытым: чаму такімі даверлівымі былі людзі, якіх ён падбухторваў даваць хабар? І не пабаяліся за гэта таксама адказаць перад законам? Не адказалі, бо добраахвотна прызналіся ў гэтым у праваахоўных органах. І за такое Крымінальны кодэкс прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.