Белдзяржстрах не дрэмле
Жыхар Брэста і двое грамадзян Расіі вырашылі падзарабіць на "Белдзяржстраху". Кампанія зрабіла ілжывую заяву аб украдзенай аўтамашыне "Аудзі-А4" і хацела атрымаць страхоўку на 32 млн 700 тыс рублёў. Ашуканцаў затрымалі.
Сымон Свістуновіч.
Радыеактыўная скрыняЧатыры ёмістасці, у кожнай з якіх па 50 грамаў ртуці, знойдзена ў падвальным памяшканні гомельскага Гарадскога цэнтра культуры, дзе зараз адбываецца капітальны рамонт. Побач была скрыня з прадметамі, якія мелі надпіс "Асцярожна, радыеактыўна!". Пасля вымярэння радыеактыўнага фону супрацоўнікі МНС устанавілі, што ён перавышае дапушчальную норму ў 10 разоў. Крыніца выпраменьвання — менавіта тая самая скрыня, у якой знаходзілася 14 радыеізатопных пажарных апавяшчальнікаў, даўно знятых з вытворчасці. Гарадскі цэнтр культуры ачапілі, а супрацоўнікі МНС канфіскавалі небяспечныя прадметы для далейшай утылізацыі. Па гэтым факце праводзіцца праверка.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Наехаў на даярку і ўцёкУ вёсцы Стан, што ў Горацкім раёне, 29-гадовы кіроўца "Аўдзі-80", якая належыць жыхару Мінска, наехаў на 47-гадовую даярку. Няшчасце адбылося недзе а палове на дзявятую вечара. Жанчына, абазначаная святлоадбівальнымі элементамі, атрымала траўмы, ад якіх загінула па дарозе ў бальніцу. Кіроўца ж са стажам кіравання менш за 2 гады з'ехаў з месца здарэння, пакінуўшы пацярпелую ў бездапаможным стане. Уцекача затрымалі.
Надзея ДРЫЛА.