Стаяць, міліцыя!
Гэтыя словы спынілі 17-гадовага падлетка, які суботнім вечарам у гродзенскім мікрараёне Фолюш на працягу паўгадзіны параніў кухонным нажом двух мужчын, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Каля 20 гадзін 61-гадовы пенсіянер разам з прыяцелем вяртаўся з лазні. І раптам... З цемры да яго кінуўся незнаёмец з нажом. Малады чалавек запатрабаваў грошы. Аднак мужчына аказаўся, як кажуць, не з баязлівага дзясятка і, атрымаўшы балючы ўдар па руцэ, усё ж даў адпор зламысніку. Змяніўшы дыслакацыю, налётчык стаў пераследаваць маладую пару, якая накіроўвалася ў госці. 30-гадовы мужчына не паспеў адчыніць дзверы пад'езда, як атрымаў удар нажом у спіну. Потым яшчэ і яшчэ... Выратавальныя тэлефонныя лічбы "102" набраў выпадковы сведка, які ў гэты час курыў на балконе. Старшы інспектар — дзяжурны аддзялення міліцыі "Фолюш" Сяргей Гаўрык імгненна зарыентаваў найбліжэйшыя нарады. Неўзабаве злачынца пачуў за спінай загад: "Стаяць, міліцыя!" Старшы прапаршчык Віктар Сакалоўскі і прапаршчык Іван Дзетчык выявілі ў яго пад курткай акрываўлены нож. І няма сумненняў, што калі б не кваліфікаваныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, то ён наламаў бы яшчэ нямала крымінальных "дроў".
Барыс ПРАКОПЧЫК.