Сабака знайшоў метадон
Каб выявiць прыхаваны гандляром у кучы паперы наркотык, шмат часу не спатрэбiлася.
Як паведамiлi карэспандэнту "Звязды" ў аддзеле iнфармацыi i грамадскiх сувязяў ГУУС Мiнгарвыканкама, аператыўнiкам аддзела па наркакантролi i супрацьдзеяннi гандлю людзьмi Ленiнскага РУУС паступiла iнфармацыя, згодна з якой нейкi малады чалавек шукае пакупнiка на буйную партыю метадону. Наркагандляра вырашана было браць адразу, тым больш у праваахоўнiкаў мелася iнфармацыя пра яго месцазнаходжанне: затрымалi дзялка ў кватэры дома № 4 па праспекце Ракасоўскага. Праўда, пры асабiстым аглядзе ў 28-гадовага мiнчанiна быў знойдзены толькi адзiн пакецiк з "дурманам", якi заважыў менш, чым меркавалася, — усяго адзiн грам. Тым не менш аператыўнiкi вырашылi працягнуць пошукi: былi падставы меркаваць, што больш буйная партыя наркотыку знаходзiцца дзесьцi ў кватэры. Каб выявiць яе, на месца здарэння тэрмiнова быў выклiканы кiнолаг са службовым сабакам. Разумная жывёлiна ў лiчаныя хвiлiны адшукала схованку: больш важкi пакет з наркотыкам знаходзiўся ў кучы папер. Як высветлiлася, у рукi да праваахоўнiкаў патрапiў нiдзе не працуючы, раней ужо судзiмы за захоўванне наркотыкаў "бiзнэсмен". Выявiлася таксама, што ў поле зроку мiлiцыi ён трапляў менш за год таму, калi за збыт метадону была затрыманая яго сужыцелька, якая цяпер адбывае пакаранне. Мужчыну "свецiць" да 13 гадоў.