Работніца банка ў Драгічынскім раёне падазраецца ў крадзяжы грошай укладчыкаў
Работнік аднаго з аддзяленняў банка ў Драгічынскім раёне падазраецца ў крадзяжы грошай укладчыкаў.
Як паведамілі ў Драгічынскім РАУС, 23‑гадовая спецыяліст аддзялення банка неаднаразова крала грошы з укладаў грамадзян шляхам складання фіктыўных расходна‑касавых ордэраў, падрабляючы подпісы ўкладчыкаў. Усяго такім чынам з красавіка 2009 года па студзень 2010 года яна завалодала грашыма на агульную суму каля 1 млн. 800 тыс. рублёў.
У дачыненні да яе 16 лютага распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).
Як растлумачыла супрацоўнікам міліцыі банкаўскі работнік, грошы ёй спатрэбіліся для асабістых патрэб.
Крадзеж грошай з укладаў выявілі супрацоўнікі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Драгічынскага РАУС падчас правядзення аператыўна‑вышуковых мерапрыемстваў.