Нi аўто, нi грошай
Мiнчанiн узяў на рэалiзацыю дарагую машыну, якую прадаў, аднак грошай гаспадару так i не вярнуў.
"Прадпрымальнага" мiнчука, дарэчы, праваахоўнiкi затрымалi i, паводле звестак прэс-афiцэра Савецкага РУУС Вольгi Яскевiч, у дачыненнi да яго заведзена крымiнальная справа па ч.4 артыкула 209 КК — "махлярства, учыненае арганiзаванай групай альбо ў асаблiва буйным памеры". І, сапраўды, толькi на адным сваiм клiенце прайдзiсвет змог добра "нагрэць" рукi. Летась ён узяўся прадаць аўтамабiль Volvo XC 90, рынкавы кошт якога на той момант складаў 20 тысяч долараў ЗША. I машыну паспяхова рэалiзаваў, аднак грошай ад яго аўтааматар так i не дачакаўся.
Прычым, як мяркуецца, гэта не адзiны эпiзод з "прадпрымальнiцкай" дзейнасцi падазронага. У праваахоўнiкаў ёсць аператыўная iнфармацыя, што згаданая асоба магла ўчыняць i iншыя махлярствы з аўтамабiлямi. У прыватнасцi, паводле меркавання супрацоўнiкаў мiлiцыi, на працягу некалькiх гадоў затрыманы неаднаразова браў у людзей грошы, прапануючы прыгнаць аўто з-за мяжы, але потым пад рознымi прычынамi нi грошай не вяртаў, нi абяцаных машын не прадстаўляў. Цяпер следчыя выяўляюць падобныя факты з "працоўнай бiяграфii" падазронага.
Iгар ГРЫШЫН.