Задыхнуліся і загінулі
У дыме на пажары ў вёсцы Кабыльнік (Нарач) Мядзельскага раёна у ноч з 22 на 23 снежня задыхнуліся тры чалавекі.
Пра тое, што гарыць дом, выратавальнікам у 23.30 паведаміў па тэлефоне мясцовы жыхар. На той момант дах ужо гарэў адкрытым полымем. Пажарныя прыбылі праз некалькі хвілін. Агонь тушылі каля гадзіны. У доме згарэў дах і выгарала адно памяшканне.
На месцы пажару знайшлі целы трох чалавек — 95‑гадовай гаспадыні, 37‑гадовай кватэранаймальніцы і яе 7‑гадовага сына.
Целы не пашкоджаныя агнём — людзі задыхнуліся ў дыме. Бабулю смерць застала ў ложку, а маму і сына знайшлі на падлозе. Выратавальнікі мяркуюць, што яны кіраваліся да выхаду.
У памерлай 37‑гадовай жанчыны засталіся дзве дачкі:
19‑гадовая вучыцца ў Паставах у прафесійным каледжы. Другая дзяўчына — вучаніца 11 класа — засталася жывая па шчаслівай выпадковасці: вярнуўшыся са школьнай экскурсіі з Мінска, засталася начаваць у сяброўкі.
Прычыну пажару высвятляюць.