Жыццё выратаваў апавяшчальнiк
Аўтаномны пажарны апавяшчальнiк выратаваў жыццё 77-гадоваму пенсiянеру ў вёсцы Краснае Маладзечанскага раёна. Напярэдаднi дзядуля працяглы час палiў печ.
Каля дзесяцi гадзiн вечара пенсiянер паклаўся спаць, а праз дзве гадзiны яго разбудзiў гук апавяшчальнiка. Адчынiўшы дзверы ў суседнi пакой, дзядуля ўбачыў, што сцяна i столь побач з печчу гараць. Выклiкаўшы падраздзяленнi МНС, ён паспрабаваў утаймаваць агонь самастойна, аднак безвынiкова. Полымя пашкодзiла дах дома, знiшчыла маёмасць. Як зазначала прэс-сакратар Мiнскага абласнога ўпраўлення МНС Настасся Клебан, мужчына двойчы парушыў патрабаваннi пажарнай бяспекi: працяглы час палiў печ, ад чаго загарэлiся канструкцыi побач з ёй, а таксама пайшоў адпачываць меней чым за дзве гадзiны пасля прапальвання. Жыццё яму захаваў апавяшчальнiк, што спрацаваў. Дарэчы, толькi за адзiн дзень у сталiчнай вобласцi былi зарэгiстраваны 7 пажараў з-за парушэнняў правiлаў пажарнай бяспекi пры эксплуатацыi печаў.
Сяргей РАСОЛЬКА.