Двайны наезд паблiзу Жодзiна

Источник материала:  
09.12.2009 — ЧП

Спроба 55-гадовага мужчыны перайсцi праезную частку па-за пешаходным пераходам скончылася смерцю.

Спачатку на пешахода i яго веласiпед, якi ён кацiў побач, наехаў 21-гадовы кiроўца "Мерседэса". Ад моцнага ўдару мужчыну адкiнула на паласу сустрэчнага руху, дзе ён трапiў пад колы аўтамабiля "Субару Легасi". Ад атрыманых раненняў пешаход загiнуў на месцы здарэння. Паводле слоў начальнiка службы прафiлактыкi i прапаганды бяспекi дарожнага руху спецыяльнага падраздзялення ДПС "Страла" Яўгена ЛАПЦА, няшчасце адбылося на аўтадарозе Слабада — Навасады, паблiзу Жодзiна, прыкладна каля 16.30.

Надзея ДРЫЛА.

Скралi i з'елi

Пенсiянерка з в. Ятвязь (Баранавiцкi раён) не павесiла замок на дзверы хлеўчука i ранiцой убачыла, што яе куры знiклi. Аператыўнiкi выйшлi на беспрацоўнага з в. Сваятычы, якi з'еў тыя шэсць курэй. А лунiнецкiя мiлiцыянеры знайшлi злодзея, якi выкраў у жыхаркi в. Вiнiч усiх трусоў.

Сымон Свiстуновiч.

Знікаюць дываны i дрылi

Да жыхаркi вёскi Вельямовiчы Брэсцкага раёна зайшоў аднавясковец i пацягнуў з кватэры дыван. А да брастаўчанiна ў машыну залез злодзей i прыхапiў дрыль маркi "Бош" коштам больш за 800 000 рублёў. У абодвух выпадках зладзюжкi знойдзены.

Яна СВЕТАВА.

Перафарбавалi транспарт — менш аварый

У Вiцебску сёлета на 36 працэнтаў стала менш дарожна-транспартных здарэнняў. Хочаце — верце, хочаце — не, але на гэта нядрэнна паўплывала i тое, што летам у Вiцебску перафарбавалi грамадскi транспарт. Інiцыятар перафарбоўкi — губернатар вобласцi Аляксандр Косiнец. Трамваi сталi чырвонымi, тралейбусы — бела-блакiтнымi, аўтобусы — зялёнымi, таксi — жоўтымi...

Адказваючы на пытанне "Звязды" наконт працы перавозчыкаў пасажыраў, губернатар прывёў вышэйназваны паказчык панiжэння колькасцi здарэнняў. У чаканнi транспарту людзi здалёк бачаць, што iдзе, напрыклад, менавiта гарадскi рэйсавы аўтобус, менш выходзяць на дарогу. Здалёк бачны чырвоны трамвай. Таксi жоўтага колеру — значыць кiроўца працуе легальна.

У развiтых краiнах Еўропы грамадскi транспарт таксама мае вызначаны колер — кожны свой. Псiхолагi спецыяльна падбiралi колер. Як падкрэслiў губернатар, колькасць здарэнняў на дарогах можа паменшыцца яшчэ напалову. Безумоўна, гэтаму паспрыяюць i iншыя меры па навядзеннi парадку.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Адны саджаюць, а другiя крадуць

Лядовы палац у Баранавiчах хутка адчынiць дзверы. Цяпер вядзецца ўпарадкаванне прылеглай тэрыторыi. Будзе прыгожа, але ўжо пачалi выкрадаць пасаджаныя туi. Знiклi дзесяць дрэўцаў.

Праўда, у ноч з суботы на нядзелю ўдалося затрымаць пару зладзеяў. Iмi аказалiся пенсiянеркi, якiя выцягнулi тую, каб пасадзiць каля пад'езда свайго дома. Цяпер яны могуць атрымаць штраф ад 10 да 30 базавых велiчыняў.

  Разбушаваўся

Расiянiн з г. Кемерава выпiў лiшку i пайшоў ноччу прагуляцца па Баранавiчах.

Напачатку ён выбiў шкло у а/м "Рэно-19", затым вылецела шкло яшчэ ў адной аўтамашыне, якiя стаялi ў дварах дамоў па вул. Ленiна. На гэтым буян не супакоiўся i падаўся на вул. Войкава, дзе пачаў бiць шыбы ў вокнах кватэр. Хулiгана затрымалi.

Сымон Свiстуновiч.

←Нежданный брак в пуще

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика