12 гадоў турмы далі змагару са злачынствамі ў сферы IT
16 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска аб’яўлены прысуд у дачыненні да былога першага намесніка начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне «К») МУС Беларусі Сяргея Новіка.
Як паведамілі ў судзе, Сяргей Новік прыгавораны да 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Справу ў дачыненні да Сяргея Новіка расследавала Генеральная пракуратура. У суд матэрыялы былі перададзены ў пачатку мая.
Нагадаем, як паведаміў на прэс‑канферэнцыі 6 сакавіка 2009 года начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і аргзлачыннасцю Генпракуратуры Аляксандр Ракевіч, у сакавіку 2006 года, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, Сяргей Новік схіліў раней судзімага грамадзяніна да ўчынення крадзяжу грашовых сродкаў з банкаматаў пры дапамозе банкаўскіх картак, якія вырабляў з выкарыстаннем магчымасцяў, дадзеных яму па службе.
У выніку грамадзянін, які дзейнічаў пад кіраўніцтвам афіцэра міліцыі, з сакавіка 2006 года па жнівень 2007 года выкраў з банкаматаў у Беларусі і Расіі прыкладна 40 млн. беларускіх рублёў і 9 млн. расійскіх рублёў. Большая частка ўкрадзенага была перададзена Новіку.