Прад’яўлена абвінавачанне за трайное забойства
Пракуратура Гродзенскай вобласці прад’явіла абвінавачанне двум жыхарам Гродна, якія былі затрыманы 14 кастрычніка па падазрэнні ва ўчыненні трайнога забойства.
Пра гэта паведаміў старшы памочнік абласнога пракурора Вячаслаў Ігнацік.
Жыхарам Гродна інкрымінуецца ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных пп. 1, 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства двух і больш асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю з карыслівых меркаванняў групай асоб) і ч. 3 арт. 207 КК (разбой). Санкцыянавана ўзяцце абвінавачваных пад варту.
Нагадаем, трайное забойства і выкраданне дзіцяці было ўчынена ў ноч з 13 на 14 кастрычніка. Знайшлі трупы з нажавымі раненнямі і выклікалі міліцыю пажарныя, якія прыбылі на ўзгаранне ў другім корпусе дома № 8 па вуліцы Кабяка.
Загінулыя — 65‑гадовы гаспадар кватэры, яго 34‑гадовая нявестка і яе 52‑гадовая знаёмая. Прапаў сын маладой жанчыны — пяцікласнік. З памяшкання быў выкрадзены камп’ютэр. Каб схаваць сляды злачынства, зламыснікі падпалілі кватэру.
Праз некалькі гадзін супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС Гродна недалёка ад месца злачынства былі затрыманы падазроныя — 29‑гадовы і 28‑гадовы жыхары абласнога цэнтра, адзін з іх — ураджэнец Расіі. Абодва былі раней судзімыя за разбоі, махлярства, хуліганства, ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі, крадзеж. Яны адбывалі пакаранне ў папраўчай калоніі № 10 у Наваполацку (Віцебская вобласць).
Абвінавачанне па факце выкрадання дзіцяці гродзенцам яшчэ не прад’яўлена. Паводле слоў Вячаслава Ігнаціка, матывы гэтага злачынства пакуль высвятляюцца — паказанні затрыманых і хлопчыка разыходзяцца.
Як паведамлялася раней, падчас затрымання абвінавачваных дзіця было з імі. Цяпер хлопчык знаходзіцца з бацькам, які вярнуўся з заробкаў з Расіі.
Следствам устаноўлена, што забойства адбылася ў выніку сваркі. Адзін з абвінавачваных быў знаёмы з нявесткай гаспадара кватэры.
У пракуратуры Гродзенскай вобласці лічаць, што расследаванне будзе завершана на працягу трох месяцаў — працяглага часу запатрабуе стацыянарная псіхіятрычная экспертыза абвінавачваных. Магчыма, яна будзе праводзіцца ў Мінску ў рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы «Навінкі».