Сiгналiзацыя не дапамагла?

Источник материала:  
13.10.2009 — ЧП

Ноччу ў Гомелi невядомы выкраў аўтамабiль "LEXUS RX 330". Машына была абсталяваная сiгналiзацыяй, тым не менш гаспадар зразумеў, што пазбаўлены сродку перамяшчэння толькi ў 7.30 ранiцы.

Ірына АСТАШКЕВIЧ.

Малако выратавалi iнспектары ДАI

Аб гэтым кур'ёзным здарэннi днямі "Звязда" расказала сваiм чытачам.

У самым цэнтры Гомеля — на плошчы Ленiна, сярод белага дня iнспектары дарожна-патрульнай службы ДАI прыпынiлi 48-гадовага вадзiцеля, якi вёў аўтамабiль ГАЗ 33-09 у стане алкагольнага ап'янення. Медыцынскi агляд падцвердзiў, што ў яго крывi 1 прамiле алкаголю. Малако, якое знаходзiлася ў машыне, хутка сапсавалася б, калi б машыну адагналi на стаянку для далейшых разбораў. П'янага iнспектары ДПС пасадзiлi побач на сядзенне для пасажыраў, бо ў яго былi дакументы на прадукты i ён яшчэ памятаў, куды трэба ехаць, i самi пачалi тэрмiновую дастаўку прадукту да 10 крамаў Гомеля, дзе вельмi здзiўлялiся, калi малако iм прывозiў мiлiцыянер.

У прэс-службе ДАI УУС Гомельскага аблвыканкама расказалi, што аперацыю па выратаваннi малака, якое, як i машына, належыць сельскагаспадарчаму камбiнату "Ляскавiчы" Петрыкаўскага раёна, паспяхова правялi iнспектары ДАI Леанiд Беларус i Уладзiмiр Саўчанка.

А вадзiцеля з 30-гадовым стажам кiроўцы чакае суд. Хутчэй за ўсё, яго не толькi пазбавяць правоў, але i накладуць штраф за кiраванне аўтамашынай у нецвярозым стане.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

Мацi i сын разам загiнулi ў агнi

81-гадовая жыхарка маленькай вёсачкi Спаскае Полацкага раёна i яе 56-гадовы сын загiнулi пры пажары ў iх доме.

Як паведамiлi "Звяздзе" ў Вiцебскiм абласным упраўленнi па надзвычайных сiтуацыях, дом, якi знiшчыў агонь, убачыў ранiцай старшыня сельскага Савета, калi праязджаў мiма. У вёсцы ўсяго шэсць дамоў i трохi болей за дзесяць жыхароў. У вынiку пажару агнём былi знiшчаныя рублены дом плошчай 72 квадратныя метры, лазня, гаспадарчая забудова. Мяркуецца, што прычына пажару — неасцярога пры курэннi загiнулага мужчыны. Дарэчы, суседзямi i тымi, хто ведаў загiнулых, яны характарызавалiся як аматары спiртных напояў.

А ў Шаркоўшчынскiм раёне пры пажары дома таксама загiнуў гаспадар — 62-гадовы пенсiянер. Вызначылi, што i ён курыў у нецвярозым стане.

Жанчына-кiроўца загiнула, пасажыркi параненыя

Трагедыяй скончылася паездка трох маладых жанчын на аўтамабiлi.

Як паведамiлi "Звяздзе" ў Вiцебскiм абласным упраўленнi па надзвычайных сiтуацыях, днём на аўтадарозе ў вёсцы Новая Палата Полацкага раёна 28-гадовая кiроўца "Опеля" не справiлася з кiраваннем, у вынiку чаго аўто апынулася ў кювеце, урэзалася ў дрэва. Жанчына, якая пражывала ў вёсцы Бабавiкi Полацкага раёна, памерла на месцы аварыi.

Пасажырка аўто — 24-гадовая ўладальнiца аўтамабiля — аднавяскоўка загiнулай атрымала пералом нагi. Таксама траўму нагi атрымала яшчэ адна пасажырка — 25-гадовая жыхарка Полацка. Iх шпiталiзавалi.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Аўтазапчасткi бяспечныя?

Не вельмi ў гэтым упэўненыя супрацоўнiкi камiтэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласцi, якiя правялi праверку дзейнасцi 23 iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, што гандлююць аўтазапчасткамi на рынках, паведамiлi ў прэс-службе ўстановы. Выяўлена мноства парушэнняў закона. Напрыклад, у 18 прадпрымальнiкаў адсутнiчала iнфармацыя аб таварах i вытворцах на дзяржаўных мовах (150 найменняў тавараў на суму 12,6 мiльёна рублёў), у 17 тавары прадавалiся без дакументаў, якiя пацвярджаюць бяспечнасць i якасць (63 найменнi на суму 2,8 мiльёна рублёў). Сем прадпрымальнiкаў выкарыстоўвалi неправамерныя сродкi вымярэнняў, адзiн парушыў падатковае заканадаўства. Па вынiках праверкi 23 iндывiдуальныя прадпрымальнiкi i тры адказныя асобы прыцягнутыя да адмiнiстрацыйнай адказнасцi на агульную суму больш чым 11 мiльёнаў рублёў.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

Хацеў згуляць у нарды?

I ўкраў гульню з такой назвай коштам у 180 тысяч у краме па вулiцы Набярэжнай iмя Францыска Скарыны ў Брэсце. Злодзея затрымалi, iм быў 21-гадовы брастаўчанiн, якi ўжо мае судзiмасць.

Забраў грошы ў iнвалiда

Непадалёк ад кавярнi "Грыль" на вулiцы Савецкай у Брэсце iнвалiд другой групы паклаў кашалёк на столiк i не заўважыў, як грошы знiклi. 200 000 рублёў выцягнуў з кашалька раней судзiмы злодзей. Але быў затрыманы.

Яна СВЕТАВА.

Наехаў на воз

Беспрацоўны з Мiнска iмчаў на аўтамашыне "Фальксваген-Транспарцёр" i каля в. Вайцешын Бярозаўскага раёна не размiнуўся з жыхаром в. Пяскi, якi ехаў на возе ў тым жа напрамку. 56-гадовы мужчына загiнуў на месцы. Вадзiцеля затрымалi.

Павалiлася дрэва

Вечарам у г/п Антопаль Драгiчынскага раёна трагiчна загiнуў адзiн з жыхароў. На чалавека ў двары яго дома павалiлася дрэва i смяротна траўмавала.

Хто гаспадар?

На станцыi Каменная пры праверцы дызель-цягнiка "Забалоцце-Брэст" супрацоўнiкi мiлiцыi знайшлi 230 лiтраў спiрту. Дзесяць канiстраў былi схаваныя пад сядзеннямi ў розных вагонах. Гаспадар спiрту не заявiў пра сябе.

Сымон Свiстуновiч.

"Металiсты"

У Расонскiм раёне мiлiцыянеры затрымалi "ЗIЛ — 131" , на якiм 28-гадовы жыхар раённага цэнтра перавазiў 4 тоны лому каляровага металу на суму каля 6,5 мiльёна рублёў. Паколькi адпаведных суправаджальных дакументаў на груз не было, склалi адмiнiстрацыйны пратакол.

А ў Гарадоцкiм раёне затрымалi грамадзянiна Расii — жыхара Пскоўскай вобласцi. Ён перавозiў таксама на грузавiку "ЗIЛ" лом чорнага металу коштам 3,8 мiльёна рублёў.

Тры "Вiцязi", дзве печкi...

У вёсцы Вiраўля Гарадоцкага раёна ноччу з крамы спажывецкай кааперацыi скралi тры тэлепрыёмнiкi "Вiцязь", дзве мiкрахвалёвыя печкi, посуд, плэер, прадукты харчавання, цыгарэты, посуд, парфуму... Усяго на суму 6,5 мiльёна рублёў.

Мiлiцыянеры затрымалi зладзеяў. Iмi былi 31-гадовы грамадзянiн Расii, якi жыве ў Смаленскай вобласцi, i 25-гадовы жыхар Вiцебска. Абодва — беспрацоўныя. Узбуджана крымiнальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

←В Полоцке ищут виновного в пожаре на льнозаводе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика