У кватэры загiнулi трое
Пасля двух тыдняў нязвыклай цiшынi ў жыллi мiнчан, якiя не вызначалiся выдатнымi паводзiнамi, па калiдоры жылога дома, што на вулiцы Гая, пачаў распаўсюджвацца непрыемны пах. Суседзi забiлi трывогу — выклiкалi супрацоўнiкаў мiлiцыi.
Як паведамiў карэспандэнту "Звязды" старшы памочнiк пракурора горада Мiнска Сяргей Балышаў, у жыльцоў была яшчэ тая рэпутацыя: суседзi ведалi iх як людзей, якiя, мякка кажучы, злоўжываюць алкаголем. Нярадасную карцiну заспелi адразу пасля таго, як зламалi замок у кватэры: у вiтальнi, навалiўшыся на ўваходныя дзверы, ляжала цела 75-гадовай жанчыны — мацi 46-гадовай гаспадынi жылля. Цела яе дачкi знаходзiлася ў санвузле, а сябра апошняй загiнуў у пакоi. Іх смерць, мяркуючы па адсутнасцi цялесных пашкоджанняў, не была гвалтоўнай. Акрамя загiнулых у пакоi каля тэлевiзара былi выяўлены i сляды гарэння падлогi, а на сценах i мэблi — сажа. Прычынай смерцi жыхароў злашчаснай кватэры магло стаць атручванне чадным газам.
Iгар ГРЫШЫН.