Гомельскай журналістцы нагадалi пра штраф праз старонку ў "Одноклассниках"
Гомельская журналістка-фрылансер, сябра ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова атрымала паведамленне ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» ад судовага выканаўцы Гомельскага раёна Дзмітрыя Калодзіна з прапановай неадкладна сплаціць штрафы. У іншым разе судовы выканаўца пагражае абмежаваць права Шчыраковай на кіраванне аўтатранспартам і забараніць выезд за межы Рэспублікі Беларусь.
Гэта першы такі зварот праз сацыяльныя сеткі да журналісткі. Раней пасля судовых штрафаў Шчыракова атрымлівала падобнае папярэджанне на фірмовым бланку з пячаткай установы.
— Лічу судовага выканаўцу Калодзіна вельмі актыўным і крэатыўным супрацоўнікам. Мне нават стала крыху няёмка, бо штрафы за так званую падрыхтоўку відэаматэрыялаў для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі я даўно сплаціла, а квітанцыі судоваму выканаўцу не перадала. Існуе, праўда, адзін істотны нюанс у ініцыятыве судовага выканаўцы: такі зварот не гарантуе, што інфармацыя дойдзе да адрасата, паколькі профіль са здымкам у сацыяльных сетках з любым прозвішчам можа стварыць хто заўгодна. У такім разе інфармацыя, якая тычыцца толькі мяне, стане вядома іншаму чалавеку, — гаворыць Ларыса Шчыракова.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што начальства павінна прыгледзецца да Дзмітрыя Калодзіна як да стараннага і руплівага працаўніка:
— Калі б ён быў маім падначаленым, я даў бы яму прэмію. Бо ніякага парушэння працэдуры спагнання штрафу з боку судовага выканаўцы няма. Судовы выканаўца мае права розным чынам спаганяць штрафы з вінаватага. Ён адсочвае, ці ёсць грошы на рахунку чалавека. Можа накласці арышт на транспартны сродак, апісаць іншую маёмасць. Час не стаіць на месцы. Цяпер з’явілася магчымасць камунікаваць з вінаваўцамі праз сацыяльныя сеткі. Абразы журналісткі на старонцы ў «Одноклассниках» не было — судовы выканаўца ветліва нагадаў, што трэба разлічыцца з дзяржавай, бо інакш будуць ужытыя рэпрэсіўныя захады.