Жыццё прысвечана тэрапіі

Источник материала:  

Жыццё прысвечана тэрапіі
Іван Баляслававіч родам з Гродзеншчыны, нарадзіўся ў Дзятлаўскім раёне. Пасля школы паступіў у Ляхавіцкі ветэрынарны тэхнікум. Некалькі месяцаў працаваў ветэрынарным фельчарам у Астраўцы.

Потым была служба ў арміі, яна і паўплывала на далейшы жыццёвы выбар юнака. Івана забралі ў часць санітарным інструктарам. Амаль за паўтара года ён добра азнаёміўся з абавязкамі медыцынскага персаналу. І калі служба падыходзіла да заканчэння, атрымаў слушную параду ад урача санчасці: “Паступаў бы ў медыцынскі інстытут”.
Ідэя Івану спадабалася, але першы раз не хапіла балаў. Трапіў на падрыхтоўчыя курсы. На наступны год быў залічаны ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Шэсць гадоў аддаў вучобе, паралельна практыкуючы. Хадзіў на начныя дзяжурствы. Першапачаткова была думка стаць хірургам. Але пасля некаторых ваганняў вырашыў прысвяціць працоўную дзейнасць тэрапіі.
Інтэрнатуру Іван Баляслававіч праходзіў у Баранавічах. У 1979 годзе прыбыў на Століншчыну ўрачом хуткай і неадкладнай дапамогі. З 1983 года працаваў участковым тэрапеўтам. Некаторы час – эндакрынолагам.
Доктара добра ведаюць жыхары Юнішчаў, Відзібора, Дубая, Вулька-Араі. Многа гадоў Іван Мігай прыязджаў да іх на прыём. Дагэтуль пацыенты згадваюць свайго ўрача.
Усяго некалькі гадоў назад пераве-дзены на пасаду дыетолага і ўчастковага тэрапеўта. Выязны прыём вядзе ў Дубаі.
Іван Баляслававіч з удзячнасцю згадвае калег, якія заўсёды дапамагалі, падтрымлівалі, давалі парады. Гэта тэрапеўт Аркадзь Яснюк, акушэр-гінеколаг Аляксандра Рамановіч, тагачасны галоўны ўрач Аляксей Ільюшчанкаў. Вельмі адчувалася ўзаемападтрымка, ніколі не чуў адмовы на любую просьбу.
Многа было выпадкаў у прафесійнай дзейнасці ўрача, якія ён помніць і зараз. Гэта і пастаноўка рэдкіх дыягназаў, і вырашэнне нестандартных сітуацый.
– Радуюся, калі людзі выздараўліваюць, ідуць на папраўку, — гаворыць Іван Мігай. – Разам з тым, паспяховае лячэнне і ўвогуле здароўе пацыента залежыць не толькі ад урача. Калі чалавек не выконвае назначэнні, махае рукой на ўсе рэкамендацыі, вядзе нездаровы лад жыцця – добрага выніку не будзе.
Вольны час урач праводзіць на рэчцы, любіць плаванне. Таксама яго хобі – вырошчванне кветак на прысядзібным участку. У Століне жыве і працуе сын Юрый.
Іван Мігай сустракае свой юбілей з жыццярадасным настроем. Віншуем з днём нараджэння і прафесійным святам!

Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара

←Но иллюзии растворяются…

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика