Скоро сезон массового отдыха. В какие санатории на отдых и лечение могут поехать ушачане и какие льготы имеют
Хутка сезон масавых адпачынкаў. Адны рэзервуюць атэль на ўзмор’і, другія па-ранейшаму аддаюць перавагу беларускім здраўніцам. І наша гутарка з вядучым спецыялістам прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Ушацкім раёне Наталляй Васільеўнай ВАЙЦЯХОЎСКАЙ прысвячалася тым зменам, якія чакаюць уладальнікаў пуцёвак.
– Наталля Васільеўна, наколькі запатрабаваны пуцёўкі ў беларускія санаторыі?
– Запыт перавышае прапанову. Як правіла задавальняецца працэнтаў 60 заявак, якія я падаю. Колькасць пуцёвак залежыць ад насельніцтва раёна. Летась 24 ушачаніна атрымалі пуцёўкі праз рэспубліканскі цэнтр аздараўлення. На чарзе знаходзіцца каля 200 пенсіянераў і інвалідаў.
– Яны маюць права на льготныя пуцёўкі раз у два гады?
– Інваліды Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваныя да іх асобы маюць першачарговае права. Прычым ім бясплатная пуцёўка выдзяляецца штогод, калі не карыстаюцца – атрымліваюць кампенсацыю. Інваліды І і ІІ груп забяспечваюцца бясплатнымі пуцёўкамі ў першую чаргу, а ветэраны працы – па агульнай чарзе, яны маюць права на льготную пуцёўку не часцей аднаго разу ў два гады. Аплата залежыць ад памеру пенсіі і складае як правіла 15-20 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Хачу сказаць, што хоць на чарзе многа людзей, за два гады ці крыху больш усе яны маюць рэальную магчымасць трапіць у здраўніцу.
– Аднак Вы казалі, што не ўсе заяўкі задавальняюцца.
– Справа ў тым, што многія нашы жыхары падаюць заяўкі на канкрэтныя санаторыі. Пераважная большасць не жадае далёка ехаць, таму і карыстаюцца найбольшай папулярнасцю “Лясныя азёры”, “Лепельскі ваенны”, “Лётцы”. Нехта хацеў бы пабываць менавіта ў “Радоне” ці спецыялізаваных санаторыях за мяжой. А, напрыклад, у нашу здраўніцу на другі квартал прыйшла толькі адна пуцёўка. Таксама не заўсёды супадае час пуцёвак і магчымасць людзей, тады чарга перасоўваецца. Ёсць ушачане, якія неаднаразова адмаўляюцца ад аздараўлення, але на чарзе тым не менш застаюцца. Прасцей за ўсё трапіць у санаторый па пуцёўцы членам працоўных калектываў.
– Ці ёсць нейкія змены для ўладальнікаў пуцёвак?
– Так, яны датычацца аплаты курортнага збору. Раней аплачвалася ад двух да пяці працэнтаў (памер курортнага збору ў здраўніцах розны) ад поўнага кошту пуцёўкі. Зараз толькі ад сумы, якую аплачвае адпачываючы. Паколькі курортны збор уносіцца непасрэдна ў здраўніцы, неабходна ўзяць копію аплаты.
– А калі на прадпрыемстве аказваецца дапамога (па калектыўным дагаворы ці прафсаюзная) на частковы або поўны кошт пуцёўкі?
– Не, гэтыя віды дапамог не ўлічваюцца. Для аплаты курортнага збору пойдзе аплачаная сума, якая залежыць ад памеру заробку, незалежна ад таго, уносіў яе член калектыву, прафкам або прадпрыемства.
– Нагадайце, калі ласка, пра льготы, якія маюць патэнцыйныя адпачываючыя.
– Думаю, усе ведаюць, што бясплатна выдаюцца ўсе дзіцячыя пуцёўкі і толькі 15 працэнтаў аплачвае той з дарослых, хто суправаджае. Больш таго, адзін з бацькоў, які едзе з дзіцем-інвалідам, можа нават узяць бальнічны ліст (аплачваемы) на час знаходжання ў санаторыі з сынам або дачкой, калі няма іншай магчымасці пакінуць работу. Бясплатна знаходзяцца ў здраўніцах асобы, якія суправаджаюць інвалідаў І групы. Для членаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, калі яны набываюць пуцёўку самастойна, існуе скідка ў памеры 25 працэнтаў у санаторыі, якія належаць да “Белпрафсаюзкурорта”. Першапачаткова такія “бонусы” беларусы мелі толькі на час адпачынку ў зімовыя, менш запатрабаваныя месяцы, а зараз – у любы час. Акрамя таго шмат акцый праводзяць непасрэдна самі здраўніцы.
– Хацелася б даведацца пра геаграфію санаторыяў, на якія прыходзяць пуцёўкі. Ці рэальна атрымаць іх у курорты, што знаходзяцца за мяжой, на моры?
– Зусім нядаўна выдавала пуцёўку ў Місхор у санаторый маці і дзіцяці. Часта ездзяць ушачане ў “Друскінінкай”, на гэты квартал быў дэфіцытны “Радон”. Пуцёўкі прыходзяць у здраўніцы па ўсёй краіне, ёсць беларускія санаторыі ў Юрмале, Сочы, Туапсе. На другі квартал быў вялікі выбар для дзяцей: “Расінка”, “Случ”, “Свіслач”, “Чабарок”, “Сосны”, “Надзея”. І проста не разумею бацькоў, якія адмаўляюцца на льготных умовах, практычна неадчувальна для бюджэту сям’і аздараўліваць дзяцей.
Гутарыла Вольга Караленка.