100 год побач з вамі! Віцебскае гандлёва-вытворчае прадпрыемства «Фармацыя», у склад якога ўваходзяць усе дзяржаўныя аптэкі нашага рэгіёну, адзначыла гэтай вясной стогадовы юбілей
Гэтай вясной 100-гадовы юбілей адзначыла Віцебскае гандлёва-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Фармацыя” – лідзіруючае фармацэўтычнае прадпрыемства вобласці.У яго складзе на сённяшні дзень 276 аптэк, у іх ліку і ўсе 5 дзяржаўных аптэк на тэрыторыі нашага рэгіёну: цэнтральная аптэка № 102 Шаркаўшчынскага раёна, аптэка № 173 у паліклінічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, аптэка № 325, размешчаная ў будынку КБА і аптэкі ў аграгарадках Лужкі і Германавічы.
За сваю доўгую гісторыю існавання гандлёва –вытворчае прадпрыемства “Фармацыя” не раз мяняла сваю назву і нават структуру, але нязменна заставалася гарантам дзяржавы па забеспячэнні насельніцтва і ўстаноў аховы здароўя бяспечнымі, эфектыўнымі і даступнымі па цане лекавымі сродкамі. Шырокі асартымент, кантроль якасці, сучасны ўзровень абслугоўвання і прафесіяналізм спецыялістаў на першым плане ў справе клопату пра здароўе і камфорт наведвальнікаў. У сувязі з юбілеем прадпрыемства – наша размова з загадчыцай цэнтральнай аптэкі № 102 Шаркаўшчынскага раёна Наталляй Раманаўнай Свілёнак.
-Сёння ў аптэках прадстаўлены шырокі выбар лекавых сродкаў, вітамінаў, як айчынных, так і замежных, а што б вы параілі пры выбары лякарстваў? Каму варта давяраць больш?—-Па першае, заўсёды трэба слухаць рэкамендацыі ўрача і, самае галоўнае, іх выконваць. А па-другое, усю хвалюючую інфармацыю аб лекавых сродках удакладняць у работніка аптэкі перад ажыццяўленнем аплаты за пакупку. Як спецыяліст, магу запэўніць, што айчынныя лекавыя сродкі нічым не горшыя, чым іх замежныя аналагі, бо якасць беларускіх прэпаратаў заўсёды заставалася пад пільным кантролем. А ў развіцці фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі шырока выкарыстоўваюцца і навейшае абсталяванне, і сучасныя тэхналогіі, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. Таму не бачу прынцыповай розніцы паміж нашымі і замежнымі лекамі. Пры гэтым беларускія – больш танныя. А ў апошні час зменшыліся цэны і на імпартныя прэпараты. Гэта звязана з тым, што РУП “Фармацыя” праводзіць палітыку паніжэння цэн, дзякуючы мінімальнай гандлёвай надбаўцы і заключэнню прамых кантрактаў без пасрэднікаў з пастаўшчыкамі лекавых сродкаў. Сярод усіх абласных прадпрыемстваў “Фармацыя” найменшая гандлёвая надбаўка – у Віцебскай вобласці. Арамя гэтага, на інфармацыйным стэндзе ў кожнай аптэцы і на інтэрнэт-сайце Віцебскага РУП “Фармацыя” можна азнаёміцца з пералікам лекавых сродкаў (беларускай вытворчасці), на якія прадастаўляецца зніжка пэўным катэгорыям грамадзян. У іх ліку пенсіянеры, інваліды, шматдзетныя сем’і (пры прадастаўленні дакументаў).
-У аптэку, часам, прыходзяць амаль як на прыём да ўрача – не проста купіць лекі , але і яшчэ, напрыклад, і даведацца пра дазіроўку. Складана бывае спецыялістам? Наколькі паспяхова калектыў супрацоўнікаў аптэк нашага раёна спраўляецца са сваімі задачамі?
-Работа наша, безумоўна, складаная. Акрамя належнай прафесійнай падрыхтоўкі яна патрабуе яшчэ і пэўных навыкаў псіхалогіі.Пацыенты да нас прыходзяць розныя, да кожнага неабходна знайсці свой падыход, растлумачыць усё максімальна даступна.
У сетцы аптэк Шаркаўшчынскага раёна на сённяшні дзень працуюць 15 чалавек: 6 фармацэўтаў (спецыялістаў з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй) і 4 правізары (з вышэйшай адукацыяй), а таксама работнікі бухгалтэрыі і тэхперсанал. Кадравы патэнцыял абнаўляецца дзякуючы маладым спецыялістам. Я вельмі задаволена работай нашых маладых супрацоўніц: правізара 2-ой кваліфікацыйнай катэгорыі Таццяны Мікалаеўны Крыўка і фармацэўта Юліі Міхайлаўны Шынкевіч. Побач з вопытнымі спецыялістамі яны на практыцы набываюць неабходныя ўменні і навыкі. У ліку лепшых работнікаў калектыву – загадчыца аптэкі № 325, маці чатырох дзяцей Таццяна Мікалаеўна Падоба і намеснік загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі Жанна Мікалаеўна Булкіна. Сярод найбольш вопытных работнікаў калектыву хачу назваць правізара Ларысу Алегаўну Барадзіну, фармацэўтаў Яну Эдуардаўну Петракевіч, Галіну Іванаўну Нікіфараву, Алу Анатольеўну Клімец. Званне “ветэран працы” мае фармацэўт Ганна Сяргееўна Юшкевіч. Дзякуй усім за сумленныя, адказныя і зацікаўленыя адносіны да справы, кампетэнтную і ўважлівую работу з людзьмі. Асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам, , якія ў розныя гады і з розных пасад пайшлі на заслужаны адпачынак, шмат гадоў адпрацаваўшы ў нашым калектыве.
— Што новага ў рабоце аптэк нашага рэгіёну з’явілася ў апошні час? Якую інфармацыю яшчэ вы хацелі б данесці да шаркаўчан?
— Яшчэ, магчыма, не ўсе жыхары нашага раёна ведаюць аб тым, што аптэка, размешчаная ў КБА, працуе па такому ж графіку, як і цэнтральная аптэка. У буднія дні: з 8.00 да 19.00 (без перапынку на абед). У суботу і нядзелю: з 8.00 да 18.00, таксама без перапынку. Па заяўках нашых наведвальнікаў мы заказваем у аптэку вельмі рэдкія або дарагія прэпараты. Зрабіць заказ можна і па тэлефоне. А з гэтага года, дзякуючы супрацоўніцтву з Шаркаўшчынскай ЦРБ, укараняем сістэму “электронны рэцэпт”. Яе мэта — аблегчыць абслугоўванне пацыентаў і работу ўрача. Работа сучасных аптэк цалкам камп’ютарызавана. Дзякуючы праграме “Беларуская аптэка” на інтэрнэт сайце tabletka.by у людзей з’явілася магчымасць даведацца пра наяўнасць неабходнага лекавага прэпарата у любой з аптэк нашай сеткі.
-Дзякуй за размову.