Асцярожна: лекі

Источник материала:  

Асцярожна: лекіЦі трэба баяцца антыбіётыкаў?

А ці трэба баяцца парацэтамолу, мікстуры ад кашлю, кропляў ад насмарку, таблетак ад галаўнога болю? Любы ўрач скажа, што з вялікай асцярожнасцю трэба ставіцца да ўсіх лекаў, паколькі бясшкодных проста не існуе. Пры правільным прызначэнні таблеткі дапамагаюць лячыць захворванні, а пры няправільным стаўленні да іх могуць самі паслужыць прычынай цяжкіх хвароб ці нават гібелі.

— З прымяненнем антыбіётыкаў медыцына набыла новыя магчымасці і стала па-сапраўднаму дзейснай, — кажа галоўны навуковы супрацоўнік аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні, доктар медыцынскіх навук Элеанора КАПІТОНАВА. — Антыбіётыкі здольныя згубна ўздзейнічаць на мікраарганізмы. Прычым кожны з антыбіётыкаў валодае спецыфічным дзеяннем на пэўны від мікробаў, вынішчае толькі некаторыя віды бактэрый або ўсе без разбору. Акрамя таго, адны антыбіётыкі забіваюць мікробы — іх мы назавем "кілерамі", а іншыя толькі стрымліваюць іх рост — так званыя "турэмшчыкі". Пры прызначэнні апошніх урач зыходзіць з таго, што арганізм уласнымі сіламі справіцца з мікробамі, якіх "пасадзілі за краты" і чый рост стрымліваецца...

Не існуе, безумоўна, антыбіётыкаў моцных і слабых — ёсць розныя антыбіётыкі з рознай накіраванасцю дзеяння. Вылучаюць антыбіётыкі натуральныя і сінтэтычныя. Так, натуральны пеніцылін — найменш таксічны для арганізма, але затое валодае самымі высокімі алергічнымі якасцямі, што і абмяжоўвае яго прымяненне. Сінтэтычныя антыбіётыкі, наадварот, маюць нізкую алергеннасць і высокую таксічнасць. І так кожны асобна ўзяты антыбіётык — "кілер" або "турэмшчык" — мае спецыфічны спектр супрацьмікробнага дзеяння, пэўны ўзровень алергеннасці, таксічнасці, працягласці дзеяння ў арганізме, абясшкоджваецца і выводзіцца з арганізма толькі сваім шляхам, "рыкашэтам" пашкоджваючы пры гэтым і органы абясшкоджвання, і органы вывядзення. Менавіта з-за складанага і рознабаковага механізму ўздзеяння антыбіётыкаў на арганізм існуюць строгія паказанні да іх прызначэння.

Таму ўрач, які прызначае антыбіётыкі для лячэння пацыента, абавязаны валодаць поўнай інфармацыяй аб усіх станоўчых і адмоўных баках лякарства, улічваць узрост пацыента, асаблівасці арганізма, цячэння захворвання, стадыі хваробы, спалучэнне антыбіётыка з іншымі лекавымі прэпаратамі, ступень рызыкі магчымых ускладненняў і г.д.

Антыбіётыкі, дазволеныя да прымянення ў дзіцячай практыцы, валодаюць найменшай ступенню таксічнасці і пабочных эфектаў. Тым не менш, ва ўсіх антыбіётыкаў ёсць адно агульнае пабочнае дзеянне — гэта кішэчны дысбіёз, парушэнне мікрафлоры кішэчніка. Паколькі антыбіётыкі, асабліва з пароды "кілераў", не разбіраюць, дзе "свае", а дзе "чужыя", і вынішчаюць усіх. Трапляюць "пад раздачу" і карысныя для арганізма мікробы кішэчніка — біфідум-, лактабактэрыі і кішэчная палачка. А без "добрых" кішэчных бактэрый не толькі парушаецца страваванне, але і церпіць імунітэт, таму што кішэчная мікрафлора падтрымлівае імунныя клеткі ў рабочым стане. Так што фраза "антыбіётыкі забіваюць імунітэт" не пазбаўлена падстаў.

Для таго, каб максімальна зменшыць пабочныя эфекты антыбактэрыяльнай тэрапіі, медыкі выкарыстоўваюць некалькі прыёмаў.

1. Прызначаюць антыбіётыкі толькі пры яркіх прыкметах інфекцыйнага запалення — наяўнасці інтаксікацыі, тэмпературнай рэакцыі, запаленчых змяненняў у органах і тканках, якія выяўляе ўрач пры аглядзе або з дапамогай спецыяльных метадаў даследавання.

2. Дзецям, асабліва тым, што часта хварэюць, лепш пачынаць даваць антыбіётыкі з першых дзён захворвання, не чакаючы, пакуль інфекцыя апусціцца ніжэй, у бронхі і лёгкія. У пачатку хваробы яшчэ няма ўласных супрацьінфекцыйных антыцелаў, і арганізм мае патрэбу ў "сілах спецыяльнага прызначэння" ў выглядзе антыбіётыкаў. За 3-5 дзён вострыя запаленчыя з'явы зменшацца, ды яшчэ падаспеюць уласныя антыцелы. Пры такой тактыцы лячэння працягласць прызначэння антыбіётыкаў, а значыць, і магчымасць развіцця пабочных эфектаў, заўважна зніжаюцца.

Паколькі кішэчная флора мяняецца нават за 3-5 дзён прыёму антыбактэрыяльных прэпаратаў, разам з антыбіётыкамі або адразу пасля іх курса — гэта вызначае ўрач — прызначаюць прэпараты-прабіётыкі, якія змяшчаюць жывыя карысныя кішэчныя мікраарганізмы. Рэкамендуецца таксама ўжываць кісламалочныя прадукты — спецыяльныя кісламалочныя сумесі або кефір, сыраквашу, натуральны ёгурт, якія спрыяюць росту і размнажэнню біфіда- і лактабактэрый у тоўстым аддзеле кішэчніка.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←В Израиле запретили работать слишком худым моделям

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика