Хлопчыкі пакутуюць ад заікання ў чатыры разы часцей за дзяўчынак
Заіканне, як правіла, узнікае ў дзяцей ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў, прычым у хлопчыкаў у 4 разы часцей, чым у дзяўчынак. Пра гэта БЕЛТА паведаміла загадчыца псіханеўралагічнага аддзялення для дзяцей стацыянара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі Святлана Грэбень.
У дзяцей і падлеткаў, якія заікаюцца, нярэдка развіваецца комплекс непаўнацэннасці. Яны пазбягаюць зносін, што, у сваю чаргу, прыводзіць да дэзарганізацыі асобы дзіцяці, тармозіць правільны ход выхавання і навучання, ускладняе адаптацыю ў дзіцячым калектыве.
Дзіця можа пачаць заікацца па некалькіх прычынах. Напрыклад, з-за арганічнага пашкоджання мозга ва ўнутрывантробным, прэнатальным і постнатальным перыядах развіцця. Сваю ролю адыгрывае і спадчыннасць. Калі хтосьці з членаў сям'і заікаўся, то ўзрастае верагоднасць таго, што дзіця таксама пачне "спатыкацца" на тых або іншых гуках і словах, расказала ўрач. Дарэчы, прывесці да заікання можа і перавучванне леўшуна, таму спецыялісты не рэкамендуюць бацькам упарціцца ў гэтай справе. Акрамя таго, да прычын заікання адносяцца псіхічныя траўмы. Прычым справакаваць хваробу ў аднолькавай ступені могуць і пастаянныя скандалы ў сям'і, і цяжкасці адаптацыі ў дзіцячым садзе, школе, і моцны спалох.
Што б ні стала прычынай хваробы, з візітам да ўрача лепш не марудзіць. Чым пазней чалавек звяртаецца па дапамогу, тым глыбей псіхалагічная траўма, якая выклікана адчуваннем пастаяннай няўпэўненасці ў сабе і ў сваёй будучыні. "Гэта як замкнёны круг: не ўпэўнены ў сабе, таму што заікаешся. А заікаешся з-за няўпэўненасці ў сабе", — растлумачыла Святлана Грэбень. Між тым, пры своечасовым звароце да спецыялістаў станоўчы лячэбны эфект дасягальны ў больш як 98% выпадкаў.
Акрамя таго, заіканню нярэдка спадарожнічае шэраг захворванняў. Так, каля 50% дзяцей, якія паступілі за гэты год у псіханеўралагічнае аддзяленне РНПЦ отарыналарынгалогіі, мелі іншыя парушэнні мовы, чытання і пісьма. У 45% выпадкаў маленькія пацыенты пакутавалі ад лагафобіі (гэта значыць, дакучлівага страху перад мовай) і іншых фобій, у 60% — ад цікаў, энурэзу, неўратычных рэакцый і інш. Такім пацыентам патрэбна комплексная дапамога, якая ўключае медыцынскую, псіхалагічную і сацыяльную карэкцыю. У РНПЦ отарыналарынгалогіі з імі працуе мультыдысцыплінарная брыгада, у якую ўваходзяць урач-псіхіятр, псіхатэрапеўт, псіхолаг, настаўнік-лагапед, музычны педагог. Для кожнага дзіцяці яны складаюць індывідуальны план лячэння. Прыём медыкаментаў, інтэнсіўныя лагапедычныя заняткі, пастаноўка дыхання, адпрацоўка выразнай артыкуляцыі — гэта далёка не ўсе яго складнікі.
Адначасова спецыялісты працуюць з бацькамі. Ім трэба дапамагчы сфарміраваць аптымальны стыль выхавання дзіцяці. Адчуваючы падтрымку з боку таты і мамы, ён паверыць у свае сілы і хутчэй справіцца з хваробай. Для карэкцыі неўрозаў, частых "спадарожнікаў" заікання, урачы выкарыстоўваюць розныя віды псіхатэрапіі: гульнявую і казкатэрапію, нервова-мышачную рэлаксацыю і іншыя метады. У працы з дашкалятамі настаўнікі-лагапеды звяртаюцца да сучасных педагагічных тэхналогій, якія, развіваючы лагічнае мысленне, увагу, памяць, дапамагаюць выправіць недахопы мовы, падрыхтаваць дзіця да школы. З мэтай ліквідацыі лагафобіі спецыялісты прымяняюць так званую паводніцкую псіхатэрапію. Гэта трэнінгі, падчас якіх дзіця выступае перад бацькамі або сябрамі. На заключным жа этапе рэабілітацыі дзеці наладжваюць канцэрт або спектакль. Пры выпісцы для кожнага дзіцяці складаюць праграму комплекснай медыцынскай і псіхолага-педагагічнай рэабілітацыі.