"Злыя" клеткі, або Хто перашкаджае выяўляць рак на ранніх стадыях?

Источник материала:  
02.12.2011 07:45 — Новости Здоровья

"Злыя" клеткі, або Хто перашкаджае выяўляць рак на ранніх стадыях?


"Злыя" клеткі, або Хто перашкаджае выяўляць рак на ранніх стадыях?Калі беларусы пачнуць сачыць за сваім здароўем, у краіне значна зменшыцца колькасць выпадкаў раку на позніх стадыях. На ранніх жа стадыях анкалагічныя захворванні, як вядома, вылечныя. Разам з тым, у чалавека, які аднойчы перанёс рак і вылечыўся, павышаецца верагоднасць узнікнення раку ў іншым органе, а значыць, зноў жа, яму неабходна сачыць за сваім здароўем — трымацца здаровага ладу жыцця, у тым ліку своечасова праходзіць медыцынскія агляды.

Аб асаблівасцях дыягностыкі раку расказвае рэктар Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Юрый Дзямідчык.

— У аднаго пацыента можа быць і некалькі відаў раку. Яны могуць узнікаць сінхронна або з разбежкай у часе. Вядома і дакладная сувязь паміж некаторымі лакалізацыямі раку. Рак цела маткі, абадочнай кішкі і малочнай залозы маюць падобныя фактары рызыкі і могуць правакаваць пераход ад аднаго да другога... Ёсць органы, у якіх пухліны ўзнікаюць надзвычай рэдка. Так, клеткі сэрца не дзеляцца, не аднаўляюцца, а значыць, тут амаль не можа быць пухлін... А ўвогуле ў любым органе, у любой тканцы могуць фарміравацца пухліны рознага паходжання, розныя па інтэнсіўнасці росту і па сваіх прагнозах.

— Звычайна рак з'яўляецца там, дзе меў месца пэўны хранічны працэс. Аднак няправільнае дзяленне здольнае пачацца і на нязмененай тканцы...

— Сапраўды, некалі меркавалі, што рак шчытападобнай залозы фарміруецца з клетак вузлавога валляка. Лічылася, што валляк можа перайсці ў рак і наадварот. Аднак сёння мы дакладна ведаем, што гэта два незалежныя сцэнарыі — за выключэннем, хіба, адной формы раку, якая здараецца надзвычай рэдка і якой папярэднічае С-клетачная гіперплазія, калі клеткі пачынаюць актыўна дзяліцца і толькі праз нейкі час з іх вырастае пухліна... Цяпер мы кажам, што ў адной залозе можа быць і валляк, і рак, і адэнома, і тырэаідыд... Калі рак узнікае на нязмененай тканцы, яго называюць dе-nоvо. Скажам, у дзяцей пухліны бываюць даволі рэдка, аднак менавіта ў іх з мяккіх тканак фарміруецца рак dе-nоvо. 30-50 працэнтаў выпадкаў меланомы маюць менавіта такое паходжанне.

— Што маецца на ўвазе пад стадыямі захворвання?

— Выбар адпаведнага метаду лячэння, прагноз сітуацыі. Хоць рак ад раку адрозніваецца. Вось рак шчытападобнай залозы мы навучыліся лячыць на любой стадыі, чаго не скажаш пра лейкемію, напрыклад.

— Наколькі складана выявіць рак на самых ранніх стадыях?

— Трэба адрозніваць паняцці ранняга раку і ранняй дыягностыкі. Ранні рак — гэта марфалагічны крытэрый, калі мы кажам пра павярхоўныя змены ў эпітэліі. Пухліна не дасягнула сасудаў, і працэс яе распаўсюджвання яшчэ не пачаўся. Пры такім стане мы маем самы спрыяльны прагноз вылечвання, аднак гэта звычайна выпадковая знаходка. Ранняя дыягностыка — гэта выяўленне раку на І і ІІ стадыях. Медыцына цалкам здольна выявіць рак на такіх стадыях. Праблема заключаецца толькі ў тым, што пацыенты прыходзяць на абследаванне, калі нешта пачало істотна непакоіць, а гэта бывае ўжо на больш познім этапе.

— Ці рэальна вынайсці які-небудзь універсальны спосаб дыягностыкі раку?

— Сёння гэта нерэальна. Калі ўзяць біяхімічныя маркёры, то іх вядома ўжо звыш пяцісот. Выкарыстоўваецца, праўда, у лепшым выпадку каля дзясятка. Бо неспецыфічныя, могуць даваць псеўдастаноўчыя або псеўдаадмоўныя адказы. Сярод найбольш дакладных біяхімічных маркёраў можна назваць прастатспецыфічны антыген для вызначэння раку прастаты, альфа-фетапратэін — для раку печані, СА-125 — для раку яечніка і некаторыя іншыя. Аднак усё роўна вынік такога аналізу не дазваляе паставіць канчатковы дыягназ, а толькі акрэслівае сітуацыю, у якой трэба разбірацца з дапамогай іншых метадаў абследавання.

— Можа быць, вы падкажаце мінімум гэтых абследаванняў?

— Самому сабе прызначаць нічога не трэба. Па-першае, у нашай краіне па такіх распаўсюджаных анкалагічных захворваннях, як рак малочнай залозы, прастаты і шчытападобнай залозы, праводзяцца скрынінгі, спецыяльныя масавыя абследаванні. Па-другое, падчас іншых абследаванняў, прызначаных па іншых паказаннях, можна выявіць або западозрыць пухліны. Ультрагук, камп'ютарная і магнітна-рэзанансная тамаграфія дазваляюць убачыць вузлавое ўтварэнне ў органе. Каб вызначыць яго паходжанне, бярэцца біяпсія. Па-трэцяе, мы сёння кажам аб неабходнасці працаваць з групамі рызыкі па раку. Так, у групе рызыкі па раку лёгкага — мужчыны пасля 40 гадоў, са стажам курэння звыш 10 гадоў. Рак шыйкі маткі звязаны з вірусам папіломы чалавека. Рак тоўстай і прамой кішкі звязаны з наяўнасцю паліпаў у кішэчніку, сямейнай гісторыяй захворвання на гэты від раку, курэннем, малой фізічнай актыўнасцю, дыетай з высокім утрыманнем тлушчу і нізкім утрыманнем клятчаткі, гародніны і фруктаў, злоўжываннем алкаголем... Паколькі рак малочнай залозы звязаны з пэўнымі спадчыннымі генетычнымі мутацыямі, у Еўропе пачалі працаваць і з гэтым фактарам — прапагандуюць прафілактычныя хірургічныя ўмяшанні. Калі ў жанчыны выяўляецца мутацыя гена brса, то з верагоднасцю 80 працэнтаў можна гаварыць аб развіцці ў перспектыве раку малочнай залозы. У нашай краіне такога кшталту аперацыі не выконваюцца. Мы проста кажам такім пацыентам, што трэба часцей сустракацца з доктарам і рэгулярна абследавацца.

— Якое абследаванне можа дазволіць паставіць дыягназ раку?

— Канчатковы дыягназ нам дапамагае выставіць біяпсія — працэдура забору тканкі для мікраскапічнага даследавання, самага дакладнага метаду. Біяпсія можа дапамагчы ў вызначэнні характару пухліны — дабраякаснага або злаякаснага. Біяпсія таксама прымяняецца для праверкі наяўнасці клетачных анамалій — перадракавых змяненняў, якія часта выяўляюцца да развіцця ракавай пухліны. Мікраскапічнае даследаванне ўзору тканкі можа спрагназаваць цячэнне пухліннага працэсу і эфектыўнасць абранага метаду лячэння. Чым больш нармальны выгляд у клетак і чым меншая іх колькасць дзеліцца, тым большая верагоднасць таго, што пухліна расце павольна і што яна будзе рэагаваць на лячэнне. На падставе характару клетак пухліну адносяць да пэўнай ступені — ад І да ІV.

Эфектыўнасць вышэйназванага метаду неаднолькавая для кожнага органа. Тут патрэбна высокая кваліфікацыя персаналу, вопыт і практыка, паколькі забор клетак робіцца, як правіла, з некалькіх участкаў органа. Для раку прастаты такіх кропак шэсць. Бо, сапраўды, можна ўзяць клеткі са здаровага ўчастку або з зоны запалення і атрымаць псеўдаадмоўны вынік.

— Ці можна далучыць да высокаэфектыўных метадаў візуальнага абследавання пазітронна-эмісійную тамаграфію, якая пакуль не выконваецца ў Беларусі?

— Гэты метад дазваляе не проста ўбачыць пухліну, а ўбачыць яе ў аб'ёме. Пацыенту ўводзіцца радыеактыўна пазначаная глюкоза, якая назапашваецца ў месцах інтэнсіўнага дзялення клетак. Гэта вельмі добра відаць, аднак метад нельга назваць бязгрэшным, ён можа даваць псеўдастаноўчыя вынікі, хоць, безумоўна, зону нашага інтарэсу мы не прапусцім. Проста выкананне ПЭТ-дыягностыкі патрабуе далейшага выканання камп'ютарнай тамаграфіі. Акрамя таго, ПЭТ не падыходзіць для правядзення масавых абследаванняў. Для вытворчасці радыеактыўнай глюкозы патрэбны спецыяльны прыбор — цыклатрон. Вырабленая ў ім глюкоза "жыве" ўсяго 1 гадзіну 10 хвілін. Нават сусветныя клінікі могуць дазволіць сабе набыццё непасрэдна апарату, але не цыклатрону... Я думаю, не варта настройвацца на цуд-тэхналогіі па выяўленні пухлін. Самае важнае — самае простае. Здаровы лад жыцця плюс рэгулярнае абследаванне даступнымі, добра вядомымі метадамі.

— Здаецца, апошнім часам беларусы пачалі больш пільна сачыць за сваім здароўем, шмат грошай трацяць на платныя медыцынскія паслугі...

— Жанчыны як сачылі, так і сочаць за сваім здароўем, чаго не скажаш пра мужчын, у якіх па-ранейшаму часта мы выяўляем запушчаныя формы. Сёння трэба гаварыць аб нейкіх нават агрэсіўных формах фарміравання здаровага ладу жыцця. Усе ведаюць, што курыць шкодна, але кураць. Усе ведаюць, што, з пункту гледжання анкалагічных захворванняў, бяспечная доза алкагольных напояў — 40 мл у суткі для мужчын і 20 мл — для жанчын. Але колькі людзей не разважаюць над тым, што лішак алкаголю прыводзіць да хранічных хвароб, якія спрыяюць узнікненню раку падстраўнікавай залозы, жоўцевых пратокаў, печані...
 
←Жизненно необходимые лекарства станет невыгодно производить

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика