Слупняковую палачку можна падчапіць на дачы!

Источник материала:  
25.05.2011 10:18 — Новости Здоровья

Слупняковую палачку можна падчапіць на дачы!


Набыўшы насенне, угнаенні, расаду, мы з нецярпеннем паглядвалі за акно, чакаючы цёплых дзянькоў, каб хутчэй адправіцца на дачу. Але акрамя дачных прылад перад сезонам водпускаў неабходна ўспомніць і пра засцярогу ад хваробы, якая нібы разам з парасткамі з'яўляецца літаральна з-пад зямлі. Гаворка ідзе пра слупняк. Апошні штогод збірае з насельніцтва планеты даніну ў выглядзе 250 000—350 000 чалавечых жыццяў.

Слупняк вядомы здавён. Лекары старажытных цывілізацый — Грэцыі, Індыі, Кітая — звярталі ўвагу на сувязь паміж раненнямі і развіццём гэтай немачы. Упершыню слупняк апісаў Гіпакрат, у якога ад гэтага захворвання памёр сын.

Слупняк — адна з самых цяжкіх інфекцый, якая часта прыводзіць да смерці. Узбуджальнік захворвання — слупняковая палачка — адносіцца да катэгорыі ўмоўна-патагенных мікраарганізмаў; знаходзіцца ў глебе і з'яўляецца звычайным насельнікам кішэчніка чалавека і жывёл, дзе жыве і размнажаецца, не наносячы шкоды носьбіту.

Палачка набывае патагенныя (хваробныя) уласцівасці толькі пры пападанні на пашкоджаныя тканкі жывога арганізма, пазбаўленыя доступу кіслароду. У такіх умовах слупняковая палачка выпрацоўвае таксін — адзін з самых моцных біялагічных ядаў, які па сіле саступае толькі батулатаксіну. Ідэальная для развіцця хваробы рана — колатая, закрытая, якая мае глыбокія "кішэні". Таксін, які ўтвараецца ў вобласці раны, па нервовых валокнах трапляе ў цэнтральную нервовую сістэму і парушае яе дзейнасць.

Часцей за ўсё на слупняк хварэюць у вясенне-асенні перыяд, калі людзі, нарэшце-такі вырваўшыся з гарадскога "палону", адпраўляюцца на пікнікі, дачы і загарадныя прагулкі. У гэты час найбольш верагодныя раненні, забруджаныя глебай (больш за ўсё слупняковай палачкі знаходзіцца ва ўрадлівай, добра ўгноенай глебе). Большасць захворванняў прыпадае на долю жыхароў сельскай мясцовасці, дачнікаў, якія пры нязначных дробных раненнях не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Найбольш небяспечныя раненні дротам, цвікамі, жалезнымі граблямі, шчэпкамі, драўлянымі стрэмкамі — таму слупняк часам называюць "хваробай босых ног".

Інкубацыйны перыяд ад заражэння да першых прыкмет хваробы складае ад 3 да 30 (часцей 5—14) дзён. Чым ён карацейшы, тым цяжэй працякае захворванне.

Звычайна хвароба пачынаецца востра. Найбольш ранняя прыкмета слупняку — з'яўленне тупых цягнучых боляў у вобласці ўваходных варот інфекцыі, дзе да гэтага часу можа назірацца поўнае загойванне раны. Адным з пачатковых сімптомаў з'яўляецца так званы трызм — напружанне і сутаргавае скарачэнне жавальных мышцаў, што ўскладняе адкрыванне рота. У вельмі цяжкіх выпадках зубы моцна сціснуты і адкрыць рот немагчыма. Услед за гэтым развіваюцца сутаргі мімічных мышцаў, якія надаюць твару хворага своеасаблівы выраз — адначасова ўсмешкі і плачу (атрымаў назву "сарданічнай усмешкі"). Амаль адначасова з'яўляюцца іншыя кардынальныя сімптомы: цяжкасць глытання з-за сутаргавага спазму мышцаў глоткі і балючая рыгіднасць (напружанне) мышцаў патыліцы. Рыгіднасць распаўсюджваецца на іншыя мышачныя групы ў сыходным парадку, захопліваючы мышцы шыі, спіны, жывата і канечнасцяў. Характэрнае становішча цела хворага — галава і пяткі адведзены назад, цела выгнута наперад. На фоне пастаяннага гіпертонусу мышцаў узнікаюць пакутлівыя, балючыя сутаргі, спачатку абмежаваныя, а затым распаўсюджаныя, з ахопам вялікіх мышачных груп. У выніку рэзка павышанай узбуджальнасці нервовай сістэмы магчымае развіццё сутаргаў пры розным, нават нязначным раздражненні (дотык, святло, шум і да т.п.). Сутаргі дыхальных мышцаў, галасавой шчыліны і дыяфрагмы рэзка парушаюць дыханне і могуць прывесці да смерці.

Хворы на слупняк падлягае неадкладнай шпіталізацыі!

У тых, хто перанёс слупняк, доўгі час можа назірацца агульная слабасць, скаванасць мышцаў, парушэнні сардэчна-сасудзістай дзейнасці.

Найбольш эфектыўны сродак прафілактыкі — своечасовая прышчэпка!

Папярэджанне слупняку ажыццяўляецца ў двух кірунках: прафілактыка траўмаў і спецыфічная прафілактыка. Спецыфічная прафілактыка слупняку праводзіцца ў планавым парадку пэўным катэгорыям насельніцтва і экстранна — пры атрыманні траўмаў.

У нашай краіне ажыццяўляецца планавая бясплатная вакцынацыя супраць слупняку адначасова з прышчэпкай супраць дыфтэрыі дзецям з 3-месячнага ўзросту (3 прышчэпкі з інтэрвалам у 1 месяц), затым у 18 месяцаў яшчэ адна прышчэпка. Для падтрымання імунітэту дзецям і падлеткам прышчэпкі робяцца ў 6 і 16 гадоў, дарослым — кожныя наступныя 10 гадоў.

Пры пагрозе развіцця слупняку (пры раненнях, апёках і абмаражэнні ІІ—ІV ступені, аперацыях на страўнікава-кішачным тракце, пазабальнічных родах і абортах і інш.) праводзяць экстранную яго прафілактыку. Для гэтага выкарыстоўваюць супрацьслупняковую сываратку, антыслупняковы анатаксін, супрацьслупняковы чалавечы імунаглабулін.

Актывізацыя засцярогі ад слупняку праводзіцца пры вялацякучых абсцэсах, карбункулах, язвах. Неабходна наведаць кабінет інфекцыяніста і пасля ўкусу жывёлы.

Увага!

l Для таго, каб не дапусціць заражэння, заўсёды насіце абутак на дачы і падчас пляжнага адпачынку. Працуючы на садовым участку, надзявайце ахоўныя рукавіцы, пальчаткі.

l Калі вы параніліся, як мага хутчэй апрацуйце рану, старанна прамыўшы яе перакісам вадароду, хлоргексідзінам або любым іншым антымікробным сродкам, які ёсць у вас пад рукой. Успомніце, калі вы ў апошні раз рабілі прышчэпку ад слупняку? Калі прышчэпка была зроблена на працягу пяці гадоў да траўмы, то дадатковая засцярога не абавязковая. Калі вам ніколі не рабілі прышчэпку або з таго моманту прайшло больш як пяць гадоў — трэба тэрмінова звярнуцца да ўрача! Не здзіўляйцеся — прышчэпку не позна рабіць нават у дзень атрымання траўмы. Гэта дапаможа засцерагчыся ад хваробы, але нават калі вы захварэеце, шанцаў на выратаванне будзе значна больш.
 

←Почка отсчета

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика