Храп шкодны для здароўя?
Паводле статыстыкі, немузычныя гукі падчас сну выдае кожны пяты чалавек ва ўзросце пасля 30 гадоў, а да 60-ці "начныя трэлі" выводзіць больш як палова насельніцтва Зямлі, незалежна ад месца жыхарства і полу.
Храп, тлумачаць медыкі, — гэта дрыжанне мяккіх органаў у ротавай поласці пры дыханні. Адростак задняга краю мяккага паднябення, ці язычок, і так званая паднябенная занавеска выдаюць шум, які многіх даводзіць да адчаю.
Чым пагражае?
На думку ўрачоў, многія храпуны знаходзяцца пад дамоклавым мячом, калі ў сне можа падчас храпу спыніцца дыханне. Сіндром спынення дыхання называюць SАS (ад англ. Slеер арnеl sуndrоmе). Ён вядзе да вострага, хранічнага недахопу кіслароду ў крыві, што, у сваю чаргу, павялічвае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, інсульту або інфаркту.
Хворыя скардзяцца на сухасць у роце раніцай, на хуткую стамляльнасць, парушэнне памяці, раздражняльнасць, ранішні галаўны боль, дэпрэсію, гіпертанію. Выявіць гэтую хваробу дапамагае спецыяльны маніторынг на працягу ўсяго начнога сну, калі ўрачы адсочваюць дыханне, сардэчны рытм, рух дыхальнай мускулатуры, утрыманне кіслароду ў крыві, глыбіню фазы сну.
Прычыны храпу
Каб пазбавіцца ад храпу, трэба вызначыць яго прычыну. А іх можа быць шмат: скрыўленне насавой перагародкі, паліпы ў носе, падоўжаны паднябенны язычок, зрушэнне ніжняй сківіцы, павелічэнне міндалін, парушэнне прыкусу, моцная стомленасць, прыём снатворнага, алкаголь, курэнне, лішняя вага і, нарэшце, узрост. Карацей, без стараннага абследавання тут не абысціся.
Вось некалькі прыкмет таго, што час звярнуцца да доктара:
= вы храпіце часта і гучна, з нерэгулярнымі гукамі, і не даяце заснуць іншым людзям;
= ваш муж (жонка) адзначае ў храпе паўзы, нібыта вы затрымлівалі дыханне;
= прачнуўшыся, вы часта выпрабоўваеце галаўны боль і не адчуваеце сябе адпачыўшым;
= увесь дзень вы хочаце спаць і заўважаеце, што нечакана задрамалі.
Чым лячыць?
У аптэках прадаюцца розныя "хуткія" сродкі ад храпу: спрэі, пластыры і іншае. Яны даюць кароткачасовы эфект і добрыя для разавага выкарыстання — напрыклад, калі вам трэба пераначаваць у гасцях. Звычайна яны зроблены на аснове алеяў мяты пярцовай, ментолу, эўкаліпту. Спрэі хутка ўстараняюць запаленне слізістай абалонкі насаглоткі, а пластыры, якія трэба клеіць прама на нос, проста дапамагаюць прадыхацца. Гэтыя прэпараты бяспечныя, але ўсё ж перад выкарыстаннем варта параіцца з урачом.
Каму спаць у масцы?
У самых крайніх выпадках, калі вычарпаны ўсе астатнія сродкі барацьбы з храпам, урачы прапісваюць спецыяльны апарат, які стварае пастаянны дадатны ціск у дыхальных шляхах. Гэтая методыка ўстараняе храп на 100%. Але для самога чалавека і таго, хто спіць побач, апарат вельмі нязручны. Гэта даволі грувасткі прыбор, які трэба ставіць на тумбачку або крэсла побач з ложкам. Ад прыбора ідзе гібкая трубка, якая заканчваецца дыхальнай маскай. Яе трэба надзяваць на нос на ўсю ноч.
Выкарыстанне такога апарата не вылечвае чалавека, але забяспечвае нармальны сон, паляпшэнне якасці жыцця і прафілактыку сур'ёзных ускладненняў. Нават вельмі цяжкія хворыя ўжо праз некалькі дзён могуць адчуць значнае паляпшэнне самаадчування.
Самадапамога
Гэтыя меры дапамогуць, калі не пазбавіцца ад храпу, дык хоць бы "зменшыць гук".
Толькі калі храпіце лежачы на спіне...
Ушыйце ззаду ў піжаму 3—4 грэцкія арэхі. Спачатку будзе нязручна, затое якасць сну з часам палепшыцца. Можна набыць спецыяльную артапедычную падушку, яе ўстройства вымусіць вас спаць выключна на баку.
Калі справа ў аслабленні тонусу глотачных мышцаў...
З узростам (асабліва пасля 40 гадоў) глотачныя мышцы слабеюць практычна ва ўсіх людзей. У гэтым выпадку дапамогуць практыкаванні.
Практыкаванне 1
Выцягніце язык наперад — чым далей, тым лепш. Вы павінны адчуць напружанне мышцаў ля асновы языка. Паўтарыце 30 разоў. Цяпер зрабіце супрацьлеглы рух — накіруйце язык у горла. Таксама паўтарыце 30 разоў.
Практыкаванне 2
Моцна напружваючы мышцы шыі, спявайце гук "І" 3—4 хвіліны або даўжэй, калі можаце.
Практыкаванне 3
З сілай зацісніце ў зубах які-небудзь прадмет, напрыклад аловак. Утрымлівайце яго 5 хвілін, не змяншаючы напружання сківіц. Калі яны пачнуць балець — вельмі добра. Значыць, вы выконваеце практыкаванне правільна.
На ўсе выпадкі храпу...
Перад сном старанна палашчыце горла растворам марской солі (1 ч. лыжка на 1 шклянку цёплай вады). Гэта дапаможа супакоіць слізістую і прывядзе мышцы глоткі ў тонус.
Важна! Ад гімнастыкі і паласканняў не варта чакаць хуткага выніку. Але калі прымаць меры 2 разы на дзень, раніцай і вечарам, то праз месяц вы заўважыце паляпшэнне сну.
І яшчэ вось якія парады даюць медыкі:
= калі ў вас залішняя маса цела, пастарайцеся яе знізіць;
= кіньце курыць або, па крайняй меры, не курыце за 2 гадзіны да сну;
= не ўжывайце алкаголю перад сном;
= ешце за 3—4 гадзіны да сну;
= спіце на ложку з прыпаднятымі галовамі (2—3 падушкі);
= у выпадку заложанасці носа закапайце ў нос кроплі, якія паляпшаюць насавое дыханне;
= забяспечце ў спальні гіпаалергенную абстаноўку: выкіньце дываны і кветкі, не пускайце ў спальню хатніх жывёл, выкарыстоўвайце падушкі і коўдры з сучасных натуральных або сінтэтычных матэрыялаў, якія не ўтрымліваюць пуху, пер'я або шэрсці;
= падтрымлівайце ў пакоі нармальную вільготнасць: сухое паветра (асабліва ў асенне-зімовы перыяд) выклікае ўтварэнне сухіх "скарыначак" у носе, якія перашкаджаюць насавому дыханню і выклікаюць храп. Дапаможа вільготная ўборка на ноч, увільгатняльнікі паветра;
= устаўце ў вушы затычкі. Калі ўсе намаганні аказаліся марнымі — той, хто церпіць ад храпу іншай асобы, павінен уставіць на ноч затычкі (берушы) у вушы. Яны недарагія, і іх можна купіць у аптэцы.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.