Вегетарыянская дыета — не для дзяцей!
У Грэцыі сямейнай пары, якая прытрымліваецца вегетарыянскай дыеты, было адмоўлена ва ўсынаўленні дзіцяці. У спецыялістаў сацыяльнай службы ўзніклі падазрэнні, што прыёмныя бацькі будуць абмяжоўваць харчаванне дзіцяці ў адпаведнасці са сваімі густавымі звычкамі і перакананнямі.
Рашэнне аб адмове прымалася пасля кансультацыі са спецыялістамі медыцынскага факультэта Крыцкага ўніверсітэта. Згодна з заключэннямі медыкаў, паўнавартасны рацыён дзіцяці павінен уключаць мясныя, рыбныя і іншыя прадукты жывёльнага паходжання. Педыятр і дыетолаг з Крыцкага ўніверсітэта Антоніс Кафатас, у сваю чаргу, назваў адмову ўлад ва ўсынаўленні дзіцяці беспрычыннай. Па яго меркаванні, дзецям сапраўды патрэбныя рыба і іншыя морапрадукты, а таксама малако. Аднак калі прыёмныя бацькі не збіраюцца карміць дзіця ў адпаведнасці са сваёй дыетай, то перашкод для ўсынаўлення быць не павінна. Адмова ўлад сям'і вегетарыянцаў тлумачыцца сур'ёзнай бояззю за здароўе ўсыноўленага дзіцяці. Вядомыя выпадкі, калі дзеці, якія выхоўваліся ў сем'ях вегетарыянцаў, развіваліся з парушэннямі і нават паміралі з-за такой дыеты. У прыватнасці, у 2008 годзе ў шатландскай дзяўчынкі, якой бацькі не давалі мяса і малака, развілася цяжкая форма рахіту. А ў 2003 годзе дачка амерыканцаў, якія практыкавалі спажыванне выключна сырой ежы, памерла ад недаядання і цяжкага авітамінозу. Вага пяцімесячнай дзяўчынкі на момант смерці была ў два разы меншая за норму для гэтага ўзросту.
Надзея НІКАЛАЕВА.