Масквічкі нараджаюць у беларускай правінцыі
Масквічкі нараджаюць у беларускай правінцыі
Як паведаміў "Звяздзе" начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач, колькасць будучых мам з той жа Масквы, якія вырашылі нараджаць у Віцебску, стабільна павялічваецца. Іх прыцягвае магчымасць без праблем загадзя дамовіцца аб знаходжанні ў радзільным доме, адсутнасць затораў на дарогах, магчымасць адпачнуць пасля родаў на турбазе, у гатэлях.
Цікава, што нямала кліентаў пажадалі атрымаць медыцынскія паслугі пасля агляду сайта турыстычных паслуг вобласці, дзе асобнае месца займаюць прапановы медыкаў прайсці абследаванне, пралячыцца.
Калі ў 2009 годзе медыцына Віцебшчыны на экспарце медыцынскіх паслуг зарабіла ўсяго каля 200 тысяч долараў ЗША, то летась ужо каля 450 тысяч долараў. Сёлета — ужо больш за сто тысяч долараў. Плануецца ў бягучым годзе зарабіць каля 17 мільярдаў рублёў. Павялічэнню колькасці замежных пацыентаў спрыяе спецыяльна створанае агенцтва з інфармацыйным цэнтрам, якое дзейнічае пры 2-й абласной бальніцы. Рэкламуюцца паслугі не толькі ўстаноў аховы здароўя Віцебшчыны. Своеасаблівымі "брэндамі"сярод замежных грамадзян, паводле слоў галоўнага медыка вобласці, сталі кардыялогія, практалогія і іншыя медыцынскія сферы Віцебшчыны.
Вялікія перспектывы з'явяцца са стварэннем бязвізавай 50-кіламетровай зоны для жыхароў памежных тэрыторый Латвіі, Літвы і Беларусі. Дарэчы, не сакрэт, што пасля ўступлення прыбалтыйскіх краін у Еўрасаюз у іх з'явілася праблема недахопу медыцынскіх кадраў. Каб абслужыць прыбалтаў, сучаснае абсталяванне ўстанаўліваецца і ў прыгранічных беларускіх раёнах. Тут замацоўваюцца кадры, ствараецца інфраструктура для рэабілітацыі і адпачынку.
Як падкрэсліў Юрый Дзяркач, ніякім чынам экспарт медыцынскіх паслуг не ўплывае на аказанне медыцынскай дапамогі землякам. Наадварот, з'яўляецца магчымасць набываць за заробленыя грошы новае абсталяванне, укараняць новыя, сучасныя тэхналогіі. Ды і заробак урачоў, медыцынскіх сясцёр павялічваецца.