Што рабіць з перманентнай стомай?
Прыкметы астэніі або астэнічнага сіндрому (яго яшчэ называюць хваравітай слабасцю) сёння могуць выяўляцца ў многіх. Правакуючыя фактары: гіпавітаміноз, адаптацыя арганізма да новых сезонных рытмаў, стан вылячэння пасля інфекцыйнага запалення, недасыпанне або хранічныя стрэсы (звязаныя з працай, праблемамі ў асабістым жыцці або рэзкай зменай ладу жыцця, напрыклад, выхадам на пенсію), а таксама злоўжыванне кавай, нікацінам, алкаголем або лекамі.
Фонам пры гэтым у многіх выпадках служаць фізічныя хваробы. Гэта могуць быць і такія распаўсюджаныя немачы, як вірусны гепатыт, анемія, дыябет, і такія «скрытныя» захворванні, як ВІЧ, эндакардыт (запаленне сэрца), энцэфаліт (запаленне мозга). Нярэдка менавіта прыкметы астэніі становяцца іх першымі і доўгі час адзінымі сімптомамі. Вось чаму пры скаргах на пастаянную стомленасць трэба прайсці сур’ёзнае медыцынскае абследаванне ў тэрапеўта і імунолага.
Часам прычына ў псіхіцы.
Прыкладна ў паловы хворых прычыну астэнічных скаргаў не ўдаецца выявіць нават пасля старанных аналізаў. У гэтых выпадках прынята лічыць, што карані захворвання ляжаць у псіхічнай плоскасці. Але і ў гэтым выпадку астэнія — не першаснае захворванне, а толькі правакуючы фактар. А самыя частыя псіхічныя захворванні, якія абвастраюцца пад яе ўплывам, — неўроз і дэпрэсія. Таму калі даследаванні не выявілі прычыны на фізічным узроўні, варта наведаць псіхіятра.
Не блытайце са стомленасцю.
Нярэдка людзі лічаць прыкметы астэніі звычайнай стомленасцю і не робяць ніякіх захадаў для яе лячэння. Але звычайная стомленасць і астэнія, хоць і падобныя па праявах, але гэта розныя рэчы. Першая наступае заўсёды пасля фізічных або псіхічных нагрузак і знікае пасля адпачынку. Пры астэніі такога не адбываецца. Сілы не з’яўляюцца нават пасля працяглага паўнавартаснага адпачынку і курса аднаўляльных працэдур накшталт саўны і масажу. Характэрная асаблівасць астэніі, не ўласцівая звычайнай стомленасці, — стойкае пагаршэнне памяці і зніжэнне эмацыйнага фону. Астэнік перастае атрымліваць радасць ад чаго‑небудзь. Гэтаму ёсць тлумачэнне. Калі пры звычайнай стомленасці адбываецца знясіленне «хімічных» энергетычных запасаў, якія папаўняюцца з ежай і адпачынкам, то пры астэніі прычына знаходзіцца ў парушэнні механізмаў нервовай рэгуляцыі, якія знаходзяцца перш за ўсё ў галаўным мозгу.
Самыя небяспечныя прычыны астэніі
Вірусны гепатыт. Віруснае запаленне печані ў 90 % выпадкаў праяўляецца толькі астэнічным сіндромам. Калі не лячыць, прыводзіць да раку печані.
Анкахваробы. Астэнія доўга можа быць адзіным сімптомам пры раку нырак, яечнікаў, печані, лёгкіх, а таксама раку крыві — лейкозе. Калі вы знаходзіцеся ў групе рызыкі (курыце, сваякі хварэлі на рак і г.д.), то вам неабходна кансультацыя доктара.
ВІЧ‑носьбіцтва. Вірус імунадэфіцыту чалавека некалькі гадоў можа даваць пра сябе ведаць толькі прыкметамі астэніі. Акрамя таго, западозрыць яго прысутнасць у арганізме можна па частым захворванні на прастуду, герпес, грыбкі.
Туберкулёз. Запаленне лёгкіх, акрамя хваравітай стомленасці, можа праяўляцца пакашліваннем, пахуданнем, павышэннем тэмпературы да 37,2°С.
Цукровы дыябет. Прыкладна ў трэці выпадкаў на пачатковым этапе можа праяўляцца толькі астэніяй. Таксама могуць непакоіць смага, сухасць скуры і частае мочаспусканне.
Праверце сябе
Калі ў вас ёсць дзве і больш з пералічаных прыкметаў, то вам патрэбна кансультацыя доктара па прычыне астэніі:l стомленасць не праходзіць пасля сну;
l стамляе нават прывычная праца;
l рэзка мяняецца настрой;
l вы «ўскіпаеце» па дробязях;
l вы пастаянна аб чымсьці турбуецеся;
l любімыя справы не прыносяць радасці;
l часта баліць галава, мышцы, суставы.
Падрыхтавала Вольга Цыбульская, Звязда