Як аднавіць зрок

Источник материала:  

Нагрузка на зрок у наш час велізарная. На жаль, многія не ўмеюць берагчы зрок. Адсюль і яго парушэнні. Але дапамагчы вачам усё ж можна. Галоўнае, як адзначае дацэнт кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі кандыдат медыцынскіх навук Галіна Сямак, трэба весці здаровы лад жыцця, атрымліваць разнастайнае харчаванне, багатае на вітаміны, бялкі. Неабходна таксама сачыць за артэрыяльным ціскам.

Аднавіць зрок дапамогуць спецыяльныя прафілактычныя меры.

Комплекс практыкаванняў

Для захавання і аднаўлення зроку неабходна забяспечыць нармальны кровазварот у вачах, умацаваць іх мышачную сістэму. Гэта дасягаецца як правільным выкарыстаннем нашага зрокавага аналізатара, так і спецыяльнымі практыкаваннямі. Усе яны ў выніку зводзяцца да шматразовага пераводу позірку з блізкага прадмета на аддалены, вярчэнняў вочнымі яблыкамі, чаргаваннем напружання і расслаблення вочных мышцаў.

Гэты комплекс практыкаванняў не забярэ шмат часу, а выконваць яго можна быццам "між іншым".

1. Секунды 3-4 засяродзьце погляд на прадмеце (напрыклад, алоўку), паднясіце яго да вачэй на адлегласць 15—20 сантыметраў. Потым перавядзіце позірк на іншы прадмет, аддалены прыблізна на 5 метраў. Зрабіце гэта практыкаванне 5 разоў.

2. На прагулцы, па дарозе на працу старайцеся глядзець не толькі пад ногі, але і на прадметы, якія знаходзяцца на рознай адлегласці ад вас.

3. Праглядаючы тэлеперадачы ці працуючы за камп'ютарам, час ад часу адрывайцеся ад экрана і факусіруйце погляд на нечым іншым.

4. Выцягніце руку з алоўкам на ўзроўні вачэй і на працягу некалькіх секундаў засяроджвайце на ім позірк. Потым павольна набліжайце аловак да кончыка носа, утрымліваючы выразнае адлюстраванне алоўка. Рабіце гэта практыкаванне 2-3 разы.

5. Засяродзьцеся на некалькі секундаў на аддаленым прадмеце, потым перавядзіце позірк налева, павярніцеся да прадмета, перавядзіце позірк направа. Павярнуўшыся да прадмета, паглядзіце ўверх, потым зноў на прадмет, потым — уніз. І так некалькі разоў.

6. Варочайце вачамі, апісваючы поўны круг па гадзіннікавай стрэлцы, потым у зваротным напрамку. Каб пазбегнуць галавакружэння, практыкаванне можна выконваць з закрытымі вачыма.

7. Шчыльна самкніце павекі на некалькі секундаў, потым шырока расплюшчыце вочы і паміргайце. І так да таго часу, пакуль вочы не стануць вільготнымі.

8. Глядзіце прама, заплюшчыце вочы і, мякка дакранаючыся да вочных яблык, рабіце вібрыруючыя рухі падушачкамі пальцаў.

Кантрасны масаж

Існуе даволі просты спосаб для аднаўлення зроку. Штодзённа трэба рабіць кантрасны масаж вачэй.

Робіцца гэта так: падрыхтуйце два ручнікі і дзве місачкі, у адну з іх наліце гарачую гатаваную ваду (як мага большай тэмпературы), а ў другую — халодную ваду з лёдам.

Цяпер акунайце ручнік спачатку ў халодную ваду і прыкладайце да заплюшчаных вачэй. Трымайце роўна 1 хвіліну.

Потым акунайце другі ручнік у міску з гарачай вадой, прыкладайце да заплюшчаных павеек і гэтак жа трымайце на працягу хвіліны.

Змочвайце заплюшчаныя вочы па чарзе то халоднай, то гарачай вадой на працягу 15—20 хвілін агульнага часу. Заканчваць заўсёды трэба халоднай вадой.

У якасці прафілактыкі дастаткова прыкладаць ручнік да вачэй на 10—15 секундаў на працягу 5 хвілін агульнага часу.

Таксама абавязкова давайце адпачынак вачам: палюбуйцеся прыродай, зелянінай дрэў, воднай гладдзю возера, акварыума ці проста вадой у слоіку.

Вольга Шаўко.

←Эксперт: в Беларуси не может быть местного распространения полиомиелита

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика