Ад усмешкі стане ўсім святлей!

Источник материала:  

Усе без выключэння людзі ўмеюць смяяцца. Хоць смеху таксама трэба вучыцца. Гэтаму ў першыя 5-8 тыдняў жыцця немаўля вучаць вочы матулі. А ўжо ва ўзросце 2-3 месяцаў малое пачынае ўсміхацца. У 6 гадоў наступае пік весялосці — дзіця ўсміхаецца і смяецца прыкладна па 300 разоў на дзень! У той час як дарослы чалавек усміхаецца або ўхмыляецца ўсяго толькі каля 15 разоў на дзень. А дарэмна, бо лекавых уласцівасцяў у смеху — хоць адбаўляй.

У свеце вялізнымі тэмпамі развіваецца гелаталогія — навука, якая даследуе ўздзеянне смеху на арганізм чалавека. А ўсё таму, што смехатэрапія робіць ашаламляльны эфект у лячэнні і прафілактыцы самых розных хваробаў.

Хімія смеху

Вядома, што падчас смеху ў арганізме адбываецца мноства працэсаў: зніжаецца ўзровень выпрацоўкі "гармонаў стрэсу" — картызону і адрэналіну, адбываецца выкід у кроў эндарфінаў. Менавіта апошнія, так званыя "гармоны задавальнення", прытупляюць фізічны і душэўны боль, дазваляюць па-іншаму паглядзець на непрыемнасці. Працяглы смех (напрыклад, падчас прагляду камедыі) спачатку павялічвае, а потым зніжае частату сэрцабіцця, паніжае артэрыяльны ціск. Пры смеху чалавек робіць доўгі і глыбокі ўдых, а выдых — кароткі і інтэнсіўны, у выніку чаго лёгкія цалкам вызваляюцца ад паветра, а газаабмен у іх паскараецца ў тры разы. Па сутнасці, смех — гэта натуральная дыхальная гімнастыка.

Гаючы смех

Вучоныя сцвярджаюць: смех мабілізуе наш імунітэт на барацьбу з хваробамі, у тым ліку з анкалагічнымі, якія ўзначальваюць спіс самых цяжкіх. А ў перыяд прастуд дактары асабліва рэкамендуюць павышаць ступень сваёй "смяшлівасці": гэтым самым вы павялічваеце ў арганізме колькасць імуна- глабуліну А, які абараняе слізістыя абалонкі ад атакі вірусаў і бактэрый.

Адным з вядомых людзей, хто вылечыў сябе з дапамогай смеху, быў амерыканскі журналіст і выкладчык псіхалогіі Норман Казінс. Урачы сказалі, што пры яго дыягназе медыцына бяссільная. Замест таго каб "хаваць" сябе і скардзіцца на лёс, Казінс зачыніўся ў сваім доме і з раніцы да вечара глядзеў камедыі і гумарыстычныя перадачы. Неўзабаве зніклі болі, пачалі варушыцца паралізаваныя пальцы рук, а затым Казінс навучыўся наноў хадзіць і вярнуўся на працу. Менавіта гэты выпадак і даў штуршок для развіцця гелаталогіі.

Вылучаюць тры асноўныя кірункі гелаталогіі:

1. Класічная смехатэрапія. Смехатэрапеўт праводзіць індывідуальныя або групавыя заняткі, на якіх людзі смяюцца. Ім расказваюць анекдоты, кур'ёзныя гісторыі, яны слухаюць рогат у запісе, глядзяць камедыі.

2. Медыцынская клаўнада. Медыцынскія клоўны наладжваюць паказы перад пацыентамі бальніц, што ідзе хворым на карысць.

3. Хасья-ёга — практыка групавога смеху, якая базуецца на методыках ёгі. Важным тут з'яўляецца дыханне і разнастайнасць відаў стымуляцыі смеху.

З чаго смяяцца будзем?

Адна з галоўных функцый гумару — гэта ахова нашай псіхікі. Яна "ўключаецца" на этапе абдумвання сітуацыі. Калі б не было гумару, можна было б звар'яцець (і ў гэтым няма перабольшвання), разважаючы пра здраду каханага чалавека, сямейныя праблемы і г.д. Менавіта гумар дапамагае нам не "перагарэць" пасля перажытага ўзрушэння. І можна без перабольшвання сказаць, што калі чалавек здольны расказаць пра свае непрыемнасці з гумарам або хоць бы з усмешкай (няхай і "вымучанай"), то сітуацыя не безнадзейная, і святло ў канцы тунэля ёсць! Усміхаючыся, чалавек быццам бы запрашае суразмоўцу: "Пацвердзі: тое, што са мной здарылася, не так ужо дрэнна!". І калі суразмоўца ўсміхаецца ў адказ, то на душы расказчыка становіцца лягчэй.

Яшчэ адна функцыя смеху — гэта ўсталяванне пазітыўных стасункаў з іншымі людзьмі. Цікавае даследаванне было праведзена вучонымі з каледжа Вестфілда (ЗША, Масачусетс). Падчас яго было вызначана, што для жанчын пры выбары магчымага партнёра наяўнасць пачуцця гумару была адным з вызначальных паказчыкаў. Жанчынам былі прапанаваны два фотаздымкі маладых людзей з падобнай знешнасцю. Да кожнага фотаздымка дадавалася аўтабіяграфія, адна з якіх была "перасыпана" жартамі, а другая вытрымана ў "афіцыйным" стылі. Пераважная колькасць жанчын выказала жаданне пазнаёміцца з "жартаўніком".

Але даследчыкі на гэтым не спыніліся. Яны высветлілі таксама, што для мужчын жаночае ўменне жартаваць не з'яўляецца вызначальным фактарам. Для іх больш важна, каб партнёрка смяялася з іх жартаў. Чаму ж так адбываецца? Жанчыны выбіраюць дасціпных мужчын, бо пачуццё гумару з'яўляецца паказчыкам высокага інтэлекту і творчых здольнасцяў, а значыць, здаровага мозга і добрага набору генаў. А таму існуе магчымасць перадаць гэтыя гены сваім дзецям.

Смейцеся — і маладзейце

Яшчэ зусім нядаўна прыгажуні перадавалі з вуснаў у вусны такі "рэцэпт прыгажосці": калі не хочаш з'яўлення дачасных мімічных маршчын, усміхайся радзей. І зусім дарэмна! Адзін са спосабаў зэканоміць на дарагіх салонных працэдурах — гэта смяяцца з задавальненнем. А ў адваротным выпадку вы пазбаўляеце сябе выдатнага фэйс-білдынгу, які натуральным чынам танізуе мышцы твару і замаруджвае працэсы старэння.

Пра карысць смеху можна гаварыць бясконца. Ён дапаможа вам, калі вы захварэлі, трапілі ў складаную сітуацыю або хочаце, каб ваша сямейнае жыццё было шчаслівым. А таму, што б ні здарылася — не страчвайце пачуцця гумару!

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

Парады смехатэрапеўтаў

J   Каб пазбегнуць расчаравання, не чакайце ад іншых звышнатуральных учынкаў.

J   Не спадзявайцеся, што хтосьці ўзніме вам настрой,a а паклапаціцеся пра гэта самі. Для пачатку кожную раніцу ўсміхайцеся свайму адлюстраванню ў люстэрку.

J   У любой сітуацыі ёсць нешта кур'ёзнае, таму разглядайце ўсе няўдачы пад такім вуглом.

J   Паколькі за добры настрой адказваюць гармоны задавальнення, старайцеся забяспечыць сябе імі. Існуе некалькі спосабаў прымусіць арганізм іх выпрацоўваць: добрыя эмоцыі, смачная ежа, сэкс, фізічныя нагрузкі і новыя ўражанні. Дарэчы, добра паляпшаюць настрой бананы, морапрадукты і шакалад.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика