Жыватворная сіла бярозавіку
Лечымся без лекаў
Бярозавы сок, або бярозавік, як яго называюць у народзе, — вельмі каштоўны прадукт, які аказвае дабратворны ўплыў на ўвесь арганізм чалавека. Рэч у тым, што вясной бяроза быццам аддае нам свае жыццёвыя сілы, якія назапасіла за доўгую зіму. Пакуль не распусціліся клейкія лісцікі, у бяроз пачынаецца рух сокаў, так званы "плач бярозы". (Дарэчы, назву дрэва "бяроза" лінгвісты звязваюць з дзеясловам "берагчы". Гэта абумоўлена тым, што славяне лічылі бярозу божым дарам, які аберагае чалавека.)
Карысныя біялагічныя злучэнні, солі і мінералы, раствораныя ў соку, утвараюць амаль універсальнае лякарства. Сок утрымлівае 0,5—2,3 % цукру (галоўным чынам глюкозы і фруктозы), багаты на вітамін С і вітаміны групы В. У яго складзе прысутнічаюць ферменты, арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы, кальцый, калій, магній, жалеза, эфірны алей, фітанцыды (рэчывы, якія валодаюць высокай антымікробнай актыўнасцю).
Медыцынскія даследаванні паказалі, што прыём хоць бы адной шклянкі бярозавага соку ў дзень на працягу 2—3 тыдняў (аптымальна выпіваць тры разы на дзень па шклянцы за паўгадзіны да яды) дапаможа арганізму справіцца з веснавой слабасцю, авітамінозам, стомленасцю і дэпрэсіяй.
Бярозавы сок павышае супраціўляльнасць арганізма да прастудных, інфекцыйных і алергічных захворваннях, аказвае глістагоннае, мачагоннае, супрацьпухліннае дзеянне. Бярозавік карысны людзям з захворваннямі нырак і мочавыдзяляльнай сістэмы. Гэта эфектыўны сродак у комплексным лячэнні галаўнога болю, кашлю, а таксама пры падагры, артрыце, рэўматызме. Акрамя таго, бярозавы сок ачышчае кроў, стымулюе абмен рэчываў, з'яўляецца цудоўным дыетычным і асвяжальным напоем. Сокам бярозы карысна таксама праціраць скуру пры экзэме, вуграх, рабацінках і пігментных плямах.
Свежы бярозавік можа захоўвацца ў халадзільніку не больш як 5 сутак, пасля чаго звычайна скісае і страчвае свае гаючыя ўласцівасці.
Каб даўжэй захаваць бярозавы сок, з яго гатуюць квас: працэджаны сок награваюць да 35 градусаў, дадаюць па 15—20 г дражджэй на 1 літр. Закваску ставяць на 3—4 дні ў халоднае месца, затым разліваюць у слоікі ці бутэлькі і шчыльна закаркоўваюць.
Іншы спосаб: да 10 л бярозавага соку дадаць сок 4 лімонаў, 50 г дражджэй, 30 г мёду або цукру, разынкі з разліку 2—3 штучкі на бутэльку. Разліць па бутэльках і трымаць 1—2 тыдні ў цёмным халаднаватым месцы.
Нашы продкі пілі бярозавік, які перабрадзіў у бочках без дадавання цукру, — гэта быў традыцыйны слабаалкагольны напой. Можна настойваць бярозавы сок на сушанай садавіне. А яшчэ можна дадаваць да "бярозавых слёз" сок ягад, настойваць яго на лісцях мяты, мелісы, ліпавым цвеце і г.д. Карацей, піце на здароўе гэты цудоўны веснавы падарунак прыроды!
Увага! <І>Варварскі збор бярозавага соку без захавання спецыяльных правілаў можа павярнуцца непапраўнай шкодай для дрэваў і штрафам для збіральніка. "Бярозавыя слёзы" лепш збіраць у экалагічна чыстых месцах (далей ад ажыўленай трасы, прамысловай зоны горада), бо дрэва здольнае назапашваць шкодныя рэчывы і выхлапныя газы. Пасля таго, як вы збераце сок, не забудзьцеся дапамагчы беластволай паправіцца: трэба замазаць надрэз пластылінам, воскам, гаспадарчым мылам або заткнуць імхом, каб у ствол не патрапілі бактэрыі і грыбы, якія могуць несці сур'ёзную пагрозу для дрэва.
<І>Варварскі збор бярозавага соку без захавання спецыяльных правілаў можа павярнуцца непапраўнай шкодай для дрэваў і штрафам для збіральніка. "Бярозавыя слёзы" лепш збіраць у экалагічна чыстых месцах (далей ад ажыўленай трасы, прамысловай зоны горада), бо дрэва здольнае назапашваць шкодныя рэчывы і выхлапныя газы. Пасля таго, як вы збераце сок, не забудзьцеся дапамагчы беластволай паправіцца: трэба замазаць надрэз пластылінам, воскам, гаспадарчым мылам або заткнуць імхом, каб у ствол не патрапілі бактэрыі і грыбы, якія могуць несці сур'ёзную пагрозу для дрэва.Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.