«Жывучы ў сваім доме, я магу выхоўваць дзяцей з правільнымі каштоўнасцямі». Як амерыканскі беларус будуе гаспадарку пад Валожынам
У апошнія дзесяцігоддзі вёскі Беларусі няўхільна паміраюць. Звыклы для продкаў хутарскі лад жыцця саступае магчымасцям і спакусам гарадоў. Аднак многія гараджане з цягам часу, наадварот, пакідаюць гарады дзеля свайго дома з садам і больш цесных зносінаў з прыродай. Ці ёсць у беларускіх вёсак шанец на адраджэнне і якія перавагі ў сялянскага ладу жыцця? Сваім меркаваннем з Realt.by падзяліўся жыхар ЗША Аляксей Міхневіч, які будуе на Валожыншчыне ўласную сядзібу і цэлую гаспадарку для вытворчасці прадуктаў.
Аляксей нарадзіўся ў Мінску і пражыў у сталіцы Беларусі чвэрць стагоддзя. Тут ён атрымаў першы вопыт жыцця – але гаспадар не лічыць, што быў надта прывязаны да горада. Маладзёну ўвесь час карцела чагосьці новага – так хлопец апынуўся ў ЗША. Гэтая краіна навучыла яго шмат чаму:
– Перадусім, Амерыка навучыла мяне берагчы свой час і рабіць тое, што даспадобы. На жаль, кансерватыўная частка грамадства дагэтуль называе мой ад’езд эміграцыяй, але я не лічу карэктным ужываць гэтае слова ў сучасным свеце. Краіны сталі больш адкрытыя і глабалізаваныя. Я атрымаў грамадзянства ЗША, але яно дапамагло мне перасякаць межы прасцей і пазбавіла мяне ад непатрэбных бюракратычных фармальнасцей.
У Штатах Аляксей скончыў універсітэт па праграме менеджменту. Гаспадар вельмі ганарыцца высокім балам пры заканчэнні ўніверсітэта.
– Гэтая галіна заўсёды мяне захапляла, а атрыманыя за часам вучобы веды багата чым дапамаглі у працы.
Зараз Аляксей жыве ў Мінесоце – амерыканскім штаце, які знаходзіцца на поўначы краіны ля мяжы з Канадай. Там Аляксей кіруе невялікай кампаніяй.
Як з’явілася ідэя свайго дома?
На жаль, Аляксей не можа падзяліцца ўражаннямі ад гасцявання ў вясковых дамах сваіх дзядуль і бабуль. Бацькі Аляксея – дзеці Вялікай Айчыннай вайны, якія самі не памятаюць уласных бацькоў. Паводле расповедаў матулі Аляксея, яе сям’я паходзіць з Палесся: да вайны палешукі жылі вялікімі сем’ямі, а вёскi часцяком налічвалі да некалькіх тысяч жыхароў.
Жаданне жыць ва уласным доме Аляксей ўпершыню спраўдзіў ў Злучаных Штатах. Але свой другі дом гаспадар плануе ўзвесці ўжо ў Беларусі. Ідэя завесці гаспадарку ў Сінявокай нарадзілася ў Аляксея пару год таму. Спатрэбіўся год, каб знайсці адпаведны кавалак зямлі.
Два гады таму Аляксей прыязджаў у Беларусь, каб аднавіць старыя знаёмствы. Падчас гутарак з сябрамі ды знаёмымі Аляксей даведаўся, што многія з іх адмовіліся ад гарадской мітусні на карысць жыцця ва ўласным доме на прыродзе. Апроч таго, высветлілася: адзін са знаёмых Аляксея якраз прадаваў зямлю.
Як абіралі месца для маёнтку?
Для сваёй сядзібы Аляксей падбіраў месца па некалькіх параметрах. З аднаго боку, маёнтак мусіў размясціцца паблізу Мінска. З другога боку, сядзіба не павінна была апынуцца ў атачэнні нязграбных хат. Аляксей улічваў і назву паселішча, бо «як карабель назавеш, так ён і паплыве».
З улікам такого прынцыпу сімвалічна, што гаспадары спынілі свой выбар на зямельным надзеле, які размясціўся ў вёсцы Караблі Ракаўскага сельсавета Валожынскага раёна. Вёска знаходзіцца ў 54 кіламетрах ад Мінска на адлегласці ад магістралі М-6 у атачэнні шараговых беларускіх вёсачак.
Як будзе выглядаць сядзіба?
Архітэктар Мікалай Багданаў пазнаёміўся з Аляксеем два гады таму. Як узгадвае спецыяліст, падчас выбару архітэктурнай мадэлі сядзібы фундатар праекту адразу прапанаваў замест прагляду варыянтаў на камп’ютары ў зручным офісе праехацца па пабудаваных і рэалізаваных аб'ектах. З размовы высветлілася, што Аляксею патрэбны дом непадалёк ад Мінска для пастаяннага пражывання сям'і з чатырох чалавек.
– Ад самага пачатку праекту Аляксей прапанаваў, каб сядзіба атрымала маляўнічую назву Château de Кarablі. Таму будынак мусіў адпавядаць гэтай назве сваімі формамі. Аляксей уяўляў маёнтак, як карабель, які застыў пасярод маляўнічага краявіду. Мы разгледзелі некалькі варыянтаў экстэр’еру: ад класічнага французскага château да нямецкага fachwerk – і ў выніку спыніліся на практычным урбаністычным contemporary.
Пасля выбару стылю будынка адразу пачалі распрацоўваць архітэктурны праект, апісвае Мікалай.
– Перабраўшы ў галаве ўсе цікавыя напрацоўкі з папярэдніх аб’ектаў, я спыніўся на арыгінальным размяшчэнні ўсіх зон на адным узроўні. Пакоі я фунцыянальна размясціў па баках дома, яны мусілі сыходзіцца ў гасцявой зоне – месцы прыёму сяброў і гасцей. Столі не былі абмежаваныя памерамі, а меліся быць з адкрытымі бэлькамі. Такое рашэнне дадавала памяшканням аб’ёму і паветранасці, у такіх пакоях будзе свабодна дыхацца. Дахі раскінуліся па баках, нібы застыўшы ў паветры пасля лёгкага танцу.
Месца, абранае пад будучы дом, спадабалася адразу, прызнаецца Мікалай.
– Зямельны ўчастак не знаходзіўся ў напічканым нязграбнымі дамамі мястэчку. Адначасова гэтая зямля ляжала недалёка ад дарогі. Такое размяшчэнне дало шмат магчымасцей для будучага ландшафтнага рашэння: мы ўбачым зону адпачынку ля дома, а таксама класічныя рашэнні англійскага нерэгулярнага парку з камянямі і натуральнымі дрэвамі. Парк мы разаб’ем пасля будаўніцтва самога дома.
Уласны дом: мара ці інвестыцыя?
Калі чалавек будуе ўласны дом, звычайна ён плануе звязаць сябе з гэтай зямлёй. У падобных выпадках, як правіла, паўстае пытанне: ці збіраецца эмігрант вярнуцца на Радзіму? Ці будуе ён дом для сваёй сям’і, або мае намер здаваць у арэнду ці ўвогуле прадаць адразу ж па пабудове?
Урэшце, навошта амерыканцу, хай нават і амерыканскаму беларусу, узводзіць дом у Сінявокай: ці варта лічыць рашэнне Аляксея заснаваць гаспадарку на роднай зямлі звычайнай праявай пашаны да Радзімы? Або да гэтага праекта слушна ставіцца выключна як да выгоднай інвестыцыі ў нерухомасць?
Аляксей просіць не ўспрымаць ягоны намер гэтак літаральна.
– За часам жыцця ў ЗША мы атрымалі досвед і адукацыю, якія дазволілі нам думаць глабальна і не прывязвацца да пэўнай краіны. Да таго ж, у Штатах нарадзіліся нашыя дзеці – таму мы з жонкай дбаем пра іх будучыню. У нас з’явілася ідэя выхаваць у дзецях неспажывецкае стаўленне да жыцця, якое ўласцівае еўрапейскаму менталітэту, але нехарактэрнае для амерыканскага. На нашую думку, кожны чалавек можа ды мусіць быць карысны не толькі для сябе, але таксама для іншых людзей і навакольнага асяроддзя.
Якім чынам жыццё ва ўласным доме і праца на сваёй зямлі дапаможа дзецям Аляксея вырасці людзьмі, якія будуць дбаць не толькі пра ўласны дабрабыт, але і клапаціцца пра іншых людзей ды наваколле? Умовы жыцця вызначаюць свядомасць чалавека, упэўнены гаспадар, таму індывідуальны лад жыцця спрыяе духоўнаму саспяванню дзяцей, дапамагае ім вярнуцца да вытокаў і навучае малых правільна растаўляць прыярытэты ў жыцці, каб браць ад яго самае неабходнае.
– Я даволі ўрбаністычны чалавек па паходжанні, але Амерыка сцерла мяжу паміж гарадскім і вясковым ладамі жыцця. Калі чалавек жыве ў прыватным доме, то не звяртае увагі на мітусню гарадскога жыцця, а думае пра штосьці вечнае. Гэта натуральна і станоўча ўплывае на выхаванне дзяцей, калі мы з жонкай тлумачым ім: з аднаго боку, жыць у горадзе вельмі зручна – з іншага, няўтульна і цесна, да таго ж – неэкалагічна.
«Гэта болей, чым гаспадарка – гэта цэлая жыццёвая філасофія»
Нарадзіўшыся ў горадзе і пражыўшы ў ім болей за 25 год, Аляксей зразумеў: кожны чалавек пры магчымасці мусіць жыць па-за горадам, бо такі вобраз жыцця папросту болей экалагічны. Тым не меней, дом павінен знаходзіцца недалёка ад горада, перакананы Аляксей. Ён лічыць камунікацыі важнай з’явай, аднак упэўнены: імі можна ахвяраваць дзеля лепшых умоў жыцця.
Гэты праект ўнікальны, мяркуе гаспадар: ён будуе нашмат болей за дом – ён стварае філасофію гарманічнага жыцця на зямлі, якая б уключала паўнацэнны камфорт і разумнае карыстанне ўсімі найноўшымі здабыткамі чалавечай цывілізацыі ды навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Гаспадар нікуды не спяшаецца з пабудовай, таму ўважліва адносіцца да кожнага аспекту будаўнічага працэсу. На думку Аляксея, дом і участак павінны ствараць гарманічнае асяроддзе ў хаўрусе з назвай маёнтка і ягонай функцыянальнасцю. Назва Château de Karabli ўзнікла даволі хутка і невыпадкова: Аляксей актыўна падарожнічае і цікавіцца вінаробствам.
Вінаград для Аляксея – асобная тэма для разважання ды прафесійнага гонару.
– Я болей за 20 гадоў прафесійна займаюся продажам віна і спіртавых напояў. Шмат падарожнічаю па вінарнях. Маю стасункі з некаторымі вінаробамі асабіста, непасрэдна працую з вялікімі брэндамі, маю партфоліа як прадавец з болей чым 10.000 найменняў. Што тычыцца гаспадаркі, мы плануем заснаваць некалькі брэндаў, звязаных з вырошчваннем ягад, выпечкай хлеба і вырабам сыру.
З вялікай павагай Аляксей ставіцца да ежы, якую плануе вырошчваць у сваёй гаспадарцы.
– Хлеб – жыццёва неабходны прадукт, з якога пачынаецца, бадай, кожная раніца любога чалавека. Хлеб усяму галава – нездарма казалі нашыя мудрыя продкі. Ягады – сапраўдная кладавая вітамінаў, што забяспечвае нас энергіяй, якой можа хапіць на цэлы дзень, поўны актыўнасцей.
Як маёнтак выглядае зараз?
Месца будаўніцтва мы наведалі напачатку пыдрыхтойкі матэрылялу -- спякотным ліпеньскім ранкам. Таму і здымкі ў нас яшчэ летнія. Будучая гаспадарка насамрэч размясцiлася ў зручным месцы: побач з трасай на Гродна, вакол – некалькі вёсак-хутароў. Як сцвярджаюць будаўнікі, у суседніх дамах рэгулярна жывуць людзі. Літаральна насупраць стаіць ферма, у некалькіх кіламетрах знаходзіцца прыпынак аўтобуса. Пра ход будаўніцтва нам распавёў прараб Яўген.
– Мы распачалі будаўніцтва аб’екта ўвесну. Зараз у нас невялікая паўза, бо у Беларусі існуюць цяжкасці з пастаўкамі лесу і жалеза. Аднак неўзабаве плануем узнавіць актыўную працу.
Паводле фінскай тэхналогіі ўзвядзення каркасных дамоў па перыметры будынка пракладваюць рыгель. Але сядзібу Аляксея мы ўзводзім па паўночнаамерыканскай тэхналогіі, якая дазваляе будаваць даволі хутка. Адрозненне гэтай тэхналогіі ад фінскай у тым, што ў праёмах мы закладваем дадатковыя бэлькі. Дом Аляксея мы будуем з елкі і сасны.
Агульная плошча дома складае 420 квадратных метраў, жылая плошча – 352 «квадраты». Вышыня сцен складае ад 3,8 да 4,0 метраў. Як вы бачыце, дах у нас нахілены, таму існуе перапад вышынь.
Абраны Аляксеем і Мікалаем участак распалажыўся на няроўнай мясцовасці. Таму перад узвядзеннем сядзібы будаўнікам давялося зняць нямала грунта, узгадвае Яўген. Потым рабочыя засыпалі пясок і гравій пад роўную бятонную пліту, таўшчыня якой складае 20 сантыметраў. Вакол дома пазней высадзяць кусты для абароны ад замятанняў. Пагорак працягнуць зрываць, каб адкрыць жыхарам сядзібы маляўнічы відарыс палёў і лясоў.
Падлога ў маёнтку будзе цёплай, з выкарыстаннем геатэрмальнай крыніцы. Дзеля гэтага давядзецца прарыць тры свідравіны глыбінёй па 300 метраў кожная. А таксама ў доме выкарыстаюць сістэму рэкуперацыі паветра з прымусовай вентыляцыяй. Каналізацыя будзе мясцовай і біялагічнай.
Château de Кarablі падключаць да існуючай лініі электраперадач. Камін у доме таксама будзе электрычным. Таўшчыня сцен з фібрацэментнага сайдынгу складзе 200 міліметраў: 150 – таўшчыня дошкі, 50 – контур уцяплення. Дах будзе ўяўляць сабой 2-стоечны фалец з двайным закрыццём. Дах пакрыюць металічнымі лістамі і пафарбуюць у графітавы колер.
Як адзначае Яўген, увосень будаўнікі плануюць накрыць дах і прыступіць да вонкавага аздаблення. Узімку ў Château de Кarablі разлічваюць пакласці цёплую падлогу і правесці вадаправод. У цэлым будаўніцтва гаспадаркі Аляксея ідзе паводле зацверджанага графіку, падкрэслівае Яўген.
«Прыватная ўласнасць – чыннік развіцця эканомікі»
Мець сваю гаспадарку ў Беларусі, як правіла, значыць не толькі ўлічваць капрызы прыроды, але і змагацца з патрабаваннямі чыноўнікаў. Насуперак чаканням, пры набыцці зямельнага ўчастку Аляксею не давялося пераадольваць бюракратычныя перашкоды: усе неабходныя дакументы аформілі за вельмі кароткі час. Мала таго, у адказ на просьбу Аляксея аб выдзяленні дадатковай зямлі мясцовы сельсавет адгукнуўся станоўча і плануе паспрыяць гэтаму ў бліжэйшы час.
– Што тычыцца мажлівых паляпшэнняў зямельнага заканадаўства, я параіў бы дзяржаве з дапамогай банкаў і надалей стымуляваць будаўніцтва прыватных дамоў. Я асабіста пераканаўся, што амерыканцы – людзі вельмі прагматычныя: яны разумеюць, што кожная новая сядзіба – крыніца гарантаванай працы як мінімум на год не аднаму дзесятку людзей. Да таго ж, маёнткі прыносяць у бюджэт дзяржавы шмат ускосных падаткаў: людзі набываюць мэблю, хатнія прылады і іншыя рэчы, што спрыяе развіццю іх вытворчасці і як след – стымулюе стварэнне новых працоўных месцаў.
Яшчэ адно балючае пытанне тычыцца патэнцыйнай рэстытуцыі. У адрозненне ад краін-суседак, у Беларусі дагэтуль аніяк не кампенсавалі страты колішнім уласнікам маёнткаў, канфіскаваных дзяржавай за часам СССР. Гэтую тэму Аляксей лічыць вельмі складанай і комплекснай.
– Зладзіць рэстытуцыю шляхам адбірання зямлі ў яе цяперашніх уласнікаў немагчыма. Такая палітыка дзяржавы спрычыніцца да сацыяльнай напружанасці і напраўду не вырашыць гэтую праблему. У такім выпадку гутарку слушна весці хіба пра пэўную грашовую кампенсацыю для былых уладальнікаў сядзіб за кошт дзяржаўных сродкаў. Аднак гэта адначасова абкраданне цяперашняга пакалення, якое зараз спраўна выплачвае падаткі ў бюджэт.
Афіцыйна адкрыць гаспадарку Château de Karabli Аляксей Міхневіч плануе напрыканцы 2020-га – на пачатку 2021 года.
Читайте также: