Які запас сыравіны на Глыбоцкім...
— Нельга, — запратэставалі ледзь не хорам жанчыны.
— Хаця б на хвілінку?
— Нельга па санітарных нормах! — стаялі яны на сваім.
Так і выйшаў фотаздымак з павязкамі тымі на тварах.
— Мо, цяпер патрабаванні па санітарыі менш жорсткія? — пацікавіўся днямі пры сустрэчы з галоўным тэхнолагам прадпрыемства Тамарай Петрашовай.
— Узраслі яшчэ больш, — адказала яна. — З першага мая пачынае дзейнічаць адзіны Мытны рэгламент па бяспецы мясной прадукцыі.
Да гонару глыбачан, яны не чакалі, як кажуць, пакуль грымне гром, а вялі і вядуць паэтапную карэнную рэканструкцыю і пераўзбраенне камбіната. Так, у цэху пярвічнай пераапрацоўкі сыравіны ўстаноўлены дзве сучасныя лініі, якія дазволілі павялічыць вытворчыя магутнасці з 75 тон у змену да 86 тон. Акрамя таго, створана магчымасць больш якасна, у адпаведнасці з санітарнымі нормамі праводзіць усе аперацыі.
Цяпер у поўным разгары работы ў новым мясапераапрацоўчым корпусе, пасля ўводу якога глыбіня пераапрацоўкі сыравіны дасягне 90 працэнтаў (цяпер толькі 40). Асвоена на будоўлі 39 мільярдаў рублёў, і пры нармальным фінансаванні яна будзе закончана да канца года.
Асноўнае звяно ў ланцужку пераапрацоўкі мяса — халадзільнік. Тут таксама ідзе рэканструкцыя, праўда, сваімі сіламі. Пераабсталявана ўжо 6 камер. У кожнай стаяць аўтаматычныя тэрмадатчыкі, за якімі наладжаны да таго ж дыстанцыйны кантроль.
— Ахалоджваецца мяса пры тэмпературы мінус адзін — ноль градусаў, замарожваецца пры мінус 23, захоўваецца — пры мінус 18, — тлумачыць Тамара Петрашова. — Адхіленні выключаны. Мяса ў камеры загружаецца цыклічна. Пасля завяршэння кожнага цыкла праводзіцца ўборка падлогі, дэзынфекцыя сцен. Бяруцца пробы паветра.
Ёмістасць халадзільніка — 2800 тон. Але ён амаль што пусты. І ў гэтым на сённяшні дзень для камбіната галоўная праблема.
— Маем запасу сыравіны на 3—4 дні работы, — сказаў дырэктар прадпрыемства Анатоль Дук. — Паступіла яе ў першым квартале 67 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Вытворчыя магутнасці камбіната загружаны толькі на 50 працэнтаў.
Куды ж падзявалася сыравіна? Па свініне пытанне больш-менш зразумелае: відавочныя вынікі АЧС. Немагчыма набыць і сыравіну па імпарту. У выніку прадпрыемства не можа вырабляць у поўным аб’ёме вэнджаную прадукцыю.
А што з ялавічанай? На камбінаце заўважаюць, што мала сталі здаваць гаспадаркі кароў. Толькі калі пры выбракоўцы. Тут, маўляў, паўплывала будаўніцтва новых фермаў. Трэба ж іх запаўняць.
Аднак прычыны, відаць, усё ж больш глыбокія. У цэнах. Яны не задавальняюць на сённяшні дзень сельгасвытворцаў. У той час, як на малако цэны павышаліся ў канцы мінулага года двойчы і ў пачатку гэтага яшчэ была ўстаноўлена датацыя вытворцам малака ў памеры 340 тысяч рублёў за тону, з'явілася магчымасць дадаткова атрымаць мінеральныя ўдабрэнні і паліўна-змазачныя матэрыялы, то на мяса КРС цэны не мяняліся і кампенсацый, па сутнасці, не было ніякіх. А ў такім разе і асаблівай зацікаўленасці не было павышаць прыбаўленне на адкорме жывёлы на комплексах і фермах. Лепшыя кармы, камбікармы ішлі на малако! У сваю чаргу на мясакамбінаце лічаць, што закупачныя цэны на ялавічыну і так высокія. А калі іх падняць яшчэ, то прадукцыя на ўнутраным і асабліва знешнім рынку не будзе канкурэнтназдольнай і фінансавае становішча прадпрыемства яшчэ больш абвастрыцца.
Дарэчы, акрамя маштабнай рэканструкцыі сваёй вытворчасці, якая патрабавала і патрабуе вялізарных сродкаў, ён пабудаваў новую МТФ «Галубічы» на 650 кароў у сваім філіяле «Галубічы» і МТФ з робатамі ў другім філіяле «Каралі». На гэта затрачана 50 мільярдаў рублёў па крэдытах з банка, якія трэба выплачваць. Узнікае «напружанне», якое неабходна зняць. Лаўрэат прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за якасць гэтага заслугоўвае. Дарэчы, рэнтабельнасць прадпрыемства па рэалізацыі прадукцыі складае 4,5 працэнта. Гэта пяты паказчык сярод 20 прадпрыемстваў мясапераапрацоўчай галіны краіны.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»